Завяршэнне навучальнага года, летняе аздараўленне школьнікаў, рамонт зернеўборачных камбайнаў, будаўнічыя аб’екты, увядзенне земляў у гаспадарчы абарот – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Падрыхтоўка да ўборачнай пачалася
На сённяшні дзень тэхніка, задзейнічаная ў вясновай сяўбе і корманарыхтоўцы, выкарыстоўваецца ў штатным рэжыме. Рамонт парку, які будзе ўдзельнічаць ва ўборачнай кампаніі і пасляўборачных работах вядзецца паралельна. Зараз асноўныя работы сканцэнтраваны на рамонце зернеўборачных камбайнаў. Усе дэфектныя акты гатовы. Ідзе закупка неабходных запчастак.
Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу свайго першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі на кантролі камплектацыі экіпажаў, якія ўключацца ў страду. На перыяд уборачнай кампаніі гаспадаркі традыцыйна будуць умацоўвацца вадзіцелямі з іншых арганізацый і прадпрыемстваў.
На мінулым тыдні ў сферы АПК міліцыяй затрыманы два работнікі ў нецвярозым стане на працоўным месцы і адзін механізатар, які скраў 60 літраў афарбаванага паліва.
– Сельгастэхніка, запчасткі, паліва – усё гэта на строгім уліку. Тым не менш умудраюцца красці. Папускальніцтва кіраўніка і адсутнасць кантролю службовымі асобамі вядзе да такіх праяў. Адказнасць павінны несці ўсе, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
За развіццё і рух наперад
Інвестпраекты і работа з аб’ектамі нерухомай маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца, – гэтым пытанням надае пільную ўвагу аддзел эканомікі райвыканкама на чале з намеснікам кіраўніка раёна Вольгай Жэлезоўскай.
Як праінфармавала Вольга Антонаўна, на аўкцыёне прададзены тры “свабодныя” аб’екты. Увогуле, зараз спецыялісты фарміруюць пашыраную карту інвестара.
Андрэй Садоўскі ўзняў тэму ўвядзення ў абарот невыкарыстоўваемых земляў. Зразумела, што тут і дзейнасць сельвыканкамаў, і службы землеўпарадкавання, каардынацыйная ж функцыя ўскладзена на намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе эканамічныя пытанні. Абмеркавалі неабходнасць стварэння базы па свабодных зямельных участках, работу з уласнікамі, кантролю за якасцю работ пасля зносу струхнелых і аварыйных будынкаў.
На бягучым тыдні камунальная служба раёна плануе завяршыць добраўпарадкаванне тратуара па вуліцы Міцкевіча ў Дзятлаве.
Спецыялісты прадоўжаць работу па рамонце асфальту вакол дарожных люкаў і ямачны рамонт дарог. Таксама ўвага – дваровым тэрыторыям.
Па двух аб’ектах будаўніцтва: паліклініка ў гарпасёлку Наваельня і ферма КСУП “Хвінявічы” – завяршаецца экспертыза праектна-каштарыснай дакументацыі; прадаўжаецца рамонт басейна ў райцэнтры.
Іншыя тэмы коратка
Традыцыйныя ўрачыстыя мерапрыемствы “Апошні званок” ва ўстановах адукацыі раёна пройдуць 23 мая. Святочныя лінейкі, прысвечаныя завяршэнню вучэбных заняткаў, пачнуцца ў 9 гадзін раніцы.
****
На Дзятлаўшчыне на працягу лета будуць працаваць 33 летнікі розных тыпаў, у якіх пройдуць аздараўленне 1075 дзяцей.
****
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва запланаваны на 21 мая. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы сустрэнуцца з калектывамі і насельніцтвам раёна па месцы жыхарства. Прадметам размовы стане тэма “Трэнды і новыя напрамкі развіцця турызму ў Беларусі”.
****
Брэндавае мерапрыемства Дзятлаўскага раёна “Адкрыты рэгіянальны фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запланаваны арганізатарамі на 30 мая.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga