Напярэдадні Дня сям’і ў Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў новым вальеры-альтанцы наваселле сустрэла сям’я вавёрак – Коржык і Карамелька, якія ў хуткім часе будуць радаваць выхаванцаў установы і гасцей, а пакуль знаходзяцца на каранціне і праходзяць адаптацыю.

Звяркі, як толькі іх выпусцілі з клеткі, спачатку з асцярогай, а потым усё больш актыўна пачалі азнаямленне з новай прасторай для жыцця. Калі Карамелька адразу залезла на верхні ярус і прысела назіраць за падзеямі з даха доміка-гнязда, то Коржык доўга пазіраваў перад камерамі: бегаў па падлозе, залазіў на пянькі, узбіраўся на рашоткі, потым, стомлены,  таксама прымасціўся пад дахам альтанкі.

Калі ж паглядзець на гарэзлівых гадаванцаў цэнтра прыйшлі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда, які сёння праводзіў у Дзятлаве прыём грамадзян, яны расшчодрыліся на сапраўднае шоу для гасцей: насіліся па вальеры, скакалі, нават упершыню палезлі круціць кола. 

Як расказала дырэктар цэнтра Марына Гуговіч, ідэю вальера з вавёркамі ім падаў кіраўнік раёна. Паколькі на месцы альтанкі раней была зялёная зона і ў рамках праекта “Экападворак” планаваўся экапарк, а старая елка на Новы год “паехала” адсюль у Казлоўшчыну, то, каб захаваць баланс, было прынята пасяліць тут звяркоў.

Фінансаванне праекта ажыццяўлялася за кошт спонсарскай дапамогі КСУПаў “Войневічы” і “Хвінявічы”, самую значную частку работ па ўстаноўцы альтанкі выканаў Дзятлаўскі лясгас. Аддзелачныя работы ажыццяўляліся сіламі калектыву цэнтра, а домікі для вавёрак змайстравалі Казлоўшчынская сярэдняя школа і гімназія № 1 горада Дзятлава.

Самі гадаванцы “прыехалі” ў райцэнтр з Мінскага раёна. Харчуюцца звяркі фундуком, летась нарыхтаваным у лесе работнікамі ўстановы, грэцкімі арэхамі з прыватных падворкаў, спецыяльным кормам з вітамінамі і мінераламі, зелянінай, морквай, агароднінай са сваіх участкаў без хімічных дабавак. Марына Эдвардаўна і надалей заклікала дзятлаўчан не спрабаваць падкормліваць вавёрак, паколькі папкорн, хлеб і іншыя папулярныя прадукты ім строга забаронены.

Палюбавацца Коржыкам і Карамелькай зблізу пасля каранціну можна будзе на ўрачыстым адкрыцці вальера 1 чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей.

Для выхаванцаў ЦКРНіР вавёркі – не проста гадаванцы, але і маленькія лекары. Кантакт з жывёламі спрыяльна ўздзейнічае на асаблівых дзяцей. Нездарма для гэтага працэсу ёсць спецыяльны тэрмін “пэт-тэрапія”. Цэнтр наведваюць дзеці, якія цяжка адрываюцца ад бацькоў, і пакуль вавёркі да наваселля жылі ва ўстанове ў невялікай клетцы, раніцай выхаванцы хутчэй супакойваліся, назіраючы за імі. Аднак, па словах Марыны Гуговіч, гэта не толькі тэрапія для дзяцей, але і прыемныя хвіліны для дарослых. Цяпер дзятлаўчанам не давядзецца далёка ездзіць, бо ў родным горадзе з’явіліся гарэзлівыя Коржык і Карамелька, здольныя палепшыць настрой любому чалавеку.  

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Дзелавы панядзелак. Эканомія без страты якасці
ГрадусПлюс. Не мая трава, або Каму даглядаць пахаванні?
Сям’я! Служым разам!

Сям’я! Служым разам!

31 августа, 2026

Похожие публикации