Такая думка стала лейтматывам раённага этапу агляду-конкурсу на званне лепшай добраахвотнай пажарнай і санітарнай дружыны, які прайшоў на стадыёне “Колас” у Дзятлаве.
За перамогу пазмагаліся дзевяць каманд – прадстаўнікі сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый раёна.




Намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык павіталі прысутных, пажадалі ім паказаць свой найлепшы вынік, камандную работу і волю да перамогі.




На старце спаборніцтваў удзельніцы санітарных дружын прайшлі праверку аснашчэння палявых медыцынскіх сумак, у час якой улічвалася не толькі іх укамплектаванасць, але і ўменне канкурсантак прымяняць прадметы па прызначэнні.
У шпітальным аддзяленні дружыны прадэманстравалі веды і навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі ў экстранных сітуацыях рознай ступені складанасці: накладвалі павязкі, шыны, транспартавалі хворых.
Ядзерны ачаг выпрабоўваў экіпіраванасць і трываласць тэарэтычных ведаў канкурсантак.
Уменне арыентавацца самім і аказваць дапамогу іншым у ачагу інфекцыйных захворванняў у каманд праверылі прадстаўнікі Дзятлаўскага райЦГЭ, патрабуючы ад дружынніц не толькі дакладнага ведання інфекцыйных хваробаў, але і прымянення навыкаў на практыцы. Канкурсанткі рабілі забор пробаў вады і глебы, харчовых прадуктаў для даследавання, гатавалі растворы і працавалі з імі. Капітаны каманд прайшлі вусны тэарэтычны конкурс, дадаўшы ачкі ў капілку сваіх каманд.





Праграму спаборніцтваў пажарных фарміраванняў сёлета склалі баявое разгортванне ад мотапомпы, бег стометровай дыстанцыі з перашкодамі і пажарная эстафета, у час якіх каманды паказалі спрыт і сілу, зладжанасць і ўменне дзейнічаць у нестандартных сітуацыях. Работу на кожным з этапаў каардынавалі прафесіяналы – супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС.







































Дзмітрый Баравік павіншаваў удзельнікаў конкурсу з яго паспяховым завяршэннем, пажадаў дэманстраваць свае навыкі толькі на такіх спаборніцтвах. Ён уручыў заслужаныя ўзнагароды лепшым добраахвотным пажарным фарміраванням.
Пераможцай агляду-конкурсу стала пажарная дружына КСУП “Хвінявічы”, на другім месцы – каманда Дзятлаўскага лясгаса, на трэцім – ААТ “Лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. У асабістым заліку ў стометроўцы з перашкодамі другое месца заняў Арцём Трусевіч (КСУП “Хвінявічы”), першае і трэцяе месцы адпаведна ў Дзмітрыя Сямашкі і Святаслава Ісачанкі – прадстаўнікоў ААТ “Дварэцкі льнозавод”.









Каманды, якім крыху не хапіла да перамогі, былі адзначаны заахвочвальнымі прызамі ад Дзятлаўскага добраахвотнага пажарнага таварыства.

У спаборніцтвах санітарных дружын сёлета лепшай названа каманда КСУП “Войневічы”, якую рыхтавала фельчар Войневіцкага ФАПа Іна Рукан. Віцэ-чэмпіёнамі сталі дружынніцы ААТ “Граніт-Агра”, бронзавымі прызёрамі – КСУП “Хвінявічы”. Узнагароды ім уручыла намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Алена Якубоўская.












Лепшыя санітарная і пажарная дружыны раёна прадставяць Дзятлаўшчыну на абласных спаборніцтвах у Гродне.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga