Акцыя “Дом без гвалту”, капітальныя і бягучыя рамонты, падрыхтоўка да першага ўкосу, работа з кадрамі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Напачатку зялёнае жніво
Сяўбу люцэрны пачынаюць аграрыі раёна. На бягучым тыдні да работы прыступае КСУП “Жукоўшчына”, праз некалькі дзён – ААТ “Дварэц-Агра” і КСУП “Хвінявічы”, як толькі завершаць уборку азімага жыта.
– Пачынайце закладку кармоў. Актывізуйце хімпраполку – “лавіце” пагоду. Усе работы павінны весціся ў аптымальны агратэхнічны тэрмін, – паставіў задачу сельгаспрадпрыемствам старшыня райвыканкама.
Таксама Андрэй Садоўскі патрабаваў ва ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама прадаставіць на бягучым тыдні раскладку з планамі перазалужэнняў. Якасная падрыхтоўка да зялёнага жніва – гэта гарант таго, што не толькі першыя, але і наступныя ўкосы дадуць пажыўныя і сакавітыя кармы.
На кантролі застаецца навядзенне парадку на аб’ектах жывёлагадоўлі.
Другое жыццё для шматкватэрных дамоў
Вясна – гарачы час для дарожнікаў, будаўнікоў і камунальнікаў. Завяршылі адзін рамонт – прыступілі да другога.
Як праінфармаваў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, дарожныя службы, згодна з планам, прыступілі да абнаўлення разметкі на дарогах, ідзе падрыхтоўка да асфальтавання вуліц. Работнікі ЖКГ пачынаюць бягучы рамонт дахаў шматпавярховых дамоў. У бліжэйшых планах стварыць “карман” для стаянкі аўтамабіляў каля цэнтра культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве, працаваць на рамонце пад’ездаў дома па вуліцы К. Цэткін, 7 у Дзятлаве. “На выхадзе” з экспертызы дакументацыя па замене воданапорных вежаў у Дзятлаве і Казлоўшчыне. Цяпер ідзе ўвод дамоў у эксплуатацыю пасля капрамонту: № 5 па вуліцы К. Цэткін і № 11 – па Першамайскай у райцэнтры.
І менш не становіцца
У чарговы раз на нарадзе ішла размова пра накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый “ненадзейных” грамадзян. На мінулым тыдні лячыцца ад алкагольнай залежнасці і аднаўляць працоўныя навыкі паехалі чарговыя тры дзятлаўчаніны, на бягучым будуць ізаляваны яшчэ два. З пачатку года 19 чалавек накіраваны ў ЛПП.
Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, штогод прыкладна аднолькавая колькасць жыхароў нашага раёна, якія злоўжываюць алкаголем і нідзе не працуюць, адпраўляецца ў адпаведныя структуры, між тым, на жаль, менш праблемных грамадзян не становіцца. Акрамя таго, практычна ўсе, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, не жадаюць працаўладкоўвацца, што таксама стварае небяспечную сітуацыю і правакацыю новых правапраўных учынкаў.
– Гэта пацвярджае, што прафілактычную работу неабходна праводзіць пастаянна, не аслябляць кантроль ні ў якім разе, выкарыстоўваць усе магчымыя механізмы ўздзеяння на такую катэгорыю грамадзян, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.
Днямі ва ўсіх сельскіх саветах раёна пройдуць пасяджэнні грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.
Іншыя тэмы коратка
З 11 па 17 мая праводзіцца рэспубліканская акцыя “Дом без гвалту”, накіраваная на прафілактыку правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін.
****
У Беларусі 15 мая адзначаецца Дзень сям’і. Ён закліканы прыцягнуць увагу да сям’і як важнейшага сацыяльнага інстытута. На Дзятлаўшчыне ў гэты дзень пройдзе шэраг мерапрыемстваў.
****
15 мая на Дзятлаўшчыне пройдзе абласны конкурс на лепшага прадаўца прадпрыемстваў спажыўтаварыства.
****
Брэндавае мерапрыемства Дзятлаўскага раёна “Адкрыты рэгіянальны фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” запланаваны арганізатарамі на 30 мая.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga