Урачыстыя провады прызыўнікоў на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве прайшлі 12 лістапада ў раённым Доме культуры. Пры святочных абставінах ваенны камісар Дзятлаўскага раёна падпалкоўнік Г. Суравец уручыў будучым салдатам павесткі аб прызыве на службу ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 56 сапраўдных дзятлаўскіх мужчын будуць годна несці службу ў войсках нашай краіны. Адпраўка пачнецца ўжо з 17 лістапада і прадоўжыцца да 27 лістапада.
— Вельмі хутка са зброяй у руках вы станеце на абарону нашых рубяжоў. Жадаю вам трываласці, вернасці прысязе, надзейных сяброў і добрых камандзіраў. Дзякуй вашым бацькам і настаўнікам, якія годна выхавалі вас для праходжання службы. Я лічу, што з такімі абаронцамі, як вы, мы можам быць упэўненымі ў незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны.
Паміж выступленнямі спевакоў і работнікаў РДК прызыўнікі выходзілі на сцэну па ваенныя павесткі. На ўрачыстасць прыйшлі і прадстаўнікі раённых арганізацый, каб падтрымаць сваіх работнікаў-прызыўнікоў і ўручыць ім падарункі.
Тэрміновую воінскую службу дзятлаўскія хлопцы будуць праходзіць у органах пагранічнай службы ў г. Лідзе, унутраных войсках МУС у г. Мінску, г. Гродне і н.п. Аколіцы, 127-ай Баранавіцкай гвардзейскай брыгадзе сувязі,11-ай Слонімскай гвардзейскай механізаванай брыгадзе і 6-ай Гродзенскай асобнай механізаванай брыгадзе. А шасцёра рэзервістаў адправяцца ў 255-ы асобны радыётэхнічны полк асобага назначэння ў г. Навагрудку, у 6-ую гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду ў г. Гродне і ў Гродзенскі 74-ы полк сувязі.
Таксама віншавалі прызыўнікоў і казалі ім павучальныя словы старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага саюза афіцэраў А. Камароў і выконваючы абавязкі старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” А. Драгунскі.
Прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў – Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй М. Пінчук і настаяцель прыхода касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў г. Дзятлаве ксёндз З. Пікула пажадалі прызыўнікам з верай у Бога і малітвай у сэрцы несці службу ў войску, таксама пажадалі, каб дзяўчаткі прызыўнікоў абавязкова іх дачакаліся.
Вось што самі хлопцы думаюць аб армейскай службе.
— Скончыўшы ўніверсітэт, я вырашыў, што “касіць” не буду, таму з добрым настроем іду ў армію. Мяне забіраюць толькі на месяц у рэзерв, але я задаволены, што іду служыць.
Тарас Орсік будзе служыць у г. Гродне.
— Са станоўчымі эмоцыямі іду служыць, каб з гонарам выканаць абавязак грамадзяніна сваёй краіны.
Яўген Варган будзе прачынацца пад словы “Рота, пад’ем” у г. Мінску.
— Я іду служыць з вельмі добрымі думкамі і станоўча настроены на службу, бо мяне чакаюць не толькі бацькі і сябры, але і мая дзяўчына.
Вадзім Супрун ужо лічыць дні да сустрэчы ў зваротным парадку.
Л. СУР’ЯНІНАВА