У час візіту на Дзятлаўшчыну член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда пацікавіўся ходам вясновай пасяўной кампаніі ў раёне.

Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім яны наведалі палетак паблізу вёскі Разважжа КСУП “Хвінявічы”, дзе ідзе сяўба яравога ячменю. Аб планах на сезон, традыцыях сельгаспрадпрыемства расказаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка:

– Яравы клін збожжавых і зернебабовых культур складае 227 гектараў. Ужо пасеялі авёс на плошчы 30 гектараў, завяршаем сяўбу яравога ячменю на плошчы 76 гектараў. Сеялка вернецца на базу, будзе адкалібравана, і адразу прыступаем да сяўбы зернебабовых культур. Тэхнікі хапае, механізатараў у калектыве прадпрыемства таксама дастаткова для правядзення ўсяго комплексу палявых работ.

Адначасова з сяўбой работнікі гаспадаркі ўручную абкопваюць ўчасткі зямлі каля апор электраперадачы, дзе не даходзіць тэхніка. У хуткім часе слупы пабеляць, і палетак набудзе завершаны эстэтычны выгляд. Клапаціцца не толькі пра справу, умовы работы людзей, але і пра прыгажосць на зямлі – адметны лад кіравання дырэктара КСУП “Хвінявічы” Мікалая Бубноўскага.

Сенатара парадаваў гаспадарскі падыход да справы ў гэтай гаспадарцы, грунтоўнасць і парадак ва ўсім – ад культуры земляробства да знешняга выгляду палеткаў. Але самай прыемнай навіной стала тое, што працоўная агранамічная дынастыя тут будзе прадоўжана: сын Аляксандра Кугейкі, які сёлета заканчвае Гезгалаўскую сярэднюю школу, збіраецца, як і бацька, паступаць у аграрную ВНУ.

Андрэй Жамойда пажадаў яму поспехаў у паступленні, а ўсім хлебаробам Дзятлаўшчыны – спрыяльнага надвор’я, стабільнай работы тэхнікі і моцнага здароўя.

– Зямлі патрэбен добры гаспадар, выдатна, што на Дзятлаўшчыне такія ёсць – гэта дальнабачныя кіраўнікі, якія ведаюць сваю работу і калектыў, а таксама граматныя спецыялісты, здольныя працаваць па сучасных патрабаваннях у пераменлівых рэаліях. Тым больш прыемна, што нялёгкую, але паважаную, як кажа Прэзідэнт нашай краіны, самую важную і святую працу на зямлі гатова прадоўжыць беларуская моладзь, – адзначыў парламентарый.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае