Актыўнасць вясновых работ у сельскай гаспадарцы, фінансавыя вынікі, першыя выпальванні, навядзенне парадку – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Глеба гатовая
Сонейка і вецер за мінулы тыдзень “падрыхтавалі” палі да сяўбы.
– Важна ўзяць своечасовы і хуткі тэмп на старце. Самы час выпускаць у поле тэхніку. Усе агрэгаты павінны працаваць. Завяршайце падкормкі азімых культур. Пачынайце сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых. Работнікаў сельгаспрадпрыемстваў забяспечыць гарачым харчаваннем, – паставіў задачу аграрыям старшыня райвыканкама.
Абмеркавалі на нарадзе таксама пытанні жывёлагадоўлі, на кантролі застаецца тэма захавання маладняку.
Праваахоўнікі праводзяць маніторынгі сельгасаб’ектаў. На мінулым тыдні два работнікі дзятлаўскіх гаспадарак былі затрыманы на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Дзяржаўтаінспекцыя прадаўжае праверкі аўтатранспарту сельгаспрадпрыемстваў.
Усе на “генеральную ўборку”
Зіма нарэшце здае свае пазіцыі, і разам з першым цяплом аб’яўлены старт традыцыйнага вясновага месячніка па добраўпарадкаванні і ўборцы тэрыторыі.
У гэты перыяд усім працоўным калектывам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстановаў, незалежна ад формаў уласнасці, садаводчым і гаражным кааператывам і ўладальнікам прыватнага сектара трэба сустрэць вясну ў поўным узбраенні. Неабходна прывесці ў належны стан усе тэрыторыі населеных пунктаў, гісторыка-культурныя каштоўнасці, воінскія пахаванні, помнікі воінскай славы і многае іншае.
Да ўдзелу ў навядзенні парадку запрашаюцца ўсе жыхары раёна. Кожны жадаючы можа ўнесці свой уклад у агульную справу.
Добраўпарадкаванне
Прадаўжаюцца будаўнічыя работы на фізкультурна-аздараўленчым комплексе і будучым арэндным доме (будынак былой школы-інтэрната) у райцэнтры, капрамонце шматпавярховак. Гэтымі днямі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі зоймуцца заменай і рамонтам дарожных люкаў у горадзе. Будзе працаваць тэхніка па драбленні пнёў. Спецыялісты вызначаць небяспечныя дрэвы ў парку па вуліцы Слонімскай для будучага іх выпілоўвання. Пастаўлена задача прывесці парк у належны стан для арганізацыі зоны адпачынку. З 23 сакавіка будаўнікі “заедуць” на аб’ект капітальнага рамонту па вуліцы Чырвонаармейскай, 6 у Дзятлаве. Дарожныя службы плануюць на бягучым тыдні распачаць асфальтаванне дарог.
Пра фінансы
На нарадзе былі агучаны фінансавыя вынікі работы арганізацый і прадпрыемстваў у студзені 2026 года. Папярэдне гэта тэма гучала і на абласной нарадзе, дзе разглядалася дзейнасць прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці Гродзеншчыны. Амаль трэць такіх прадпрыемстваў вобласці за першы месяц года спрацавала са стратамі. Было адзначана, што толькі два раёны: Свіслацкі і Дзятлаўскі вытрымалі і не маюць стратных камунальных арганізацый.
– Не трэба расслабляцца. Фінансавыя паказчыкі ўвогуле па раёне не вельмі радуюць. Ёсць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. Гэта крызіс перавытворчасці, які закрануў амаль усіх вытворцаў. Ёсць над чым працаваць, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Таксама закранулі тэму маніторынгу гандлёвых аб’ектаў раёна. Праверкі з удзелам прадстаўнікоў аддзела эканомікі райвыканкама і райЦГЭ прадоўжацца.
Ратаўнікі ў барацьбе з вясновымі выпальваннямі
На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне аўтаномны пажарны апавяшчальнік дапамог выратаваць жыццё. Пажылая жанчына паліла ў печы і забылася адчыніць засланку. Сусед пачуў гук АПА, які спрацаваў. Калі ўвайшоў у дом, ён быў запоўнены дымам. Мужчына аператыўна аказаў дапамогу гаспадыні, жанчына не пацярпела.
А вось з выпальваннямі на Дзятлаўшчыне ўсё не так аптымістычна. Ратаўнікі ўжо ліквідавалі два такія пажары. Па адным загаранні сухой расліннасці з распаўсюджваннем на лясны масіў вінаватыя не ўстаноўлены, а ў другім выпадку жанчына вынесла попел з печы на тэрыторыю прыдамавога ўчастка, што прывяло да ўзгарання і хуткага распаўсюджання агню па сухой траве.
Увесь асабовы састаў Дзятлаўскага РАНС задзейнічаны на прафілактычнай рабоце з насельніцтвам. Да іх далучацца старшыні сельвыканкамаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga