На Дзятлаўшчыне стартавала рэспубліканская акцыя “Лес! Дабро! Парадак!”, прымеркаванай да пяцігодкі якасці, якая праводзіцца пад эгідай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Першымі яе ўдзельнікамі сталі члены школьнага лясніцтва “ЛесКам+” і навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы разам са сваім педагогам і класным кіраўніком Наталляй Белаус.

Напярэдадні Дня памяці Хатынскай трагедыі яны навялі парадак на падыходах і ў месцах масавага пахавання ахвяраў Халакосту, якія знаходзяцца ў лесе, пры аўтадарозе Наваельня – Дварэц.

Да першага мерапрыемства акцыі далучыліся прадстаўнікі Дзятлаўскага лясгаса, “Лясной газеты” і намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага лесагаспадарчага ўпраўлення Наталля Пясецкая.

– Разам з удзельнікамі школьнага лясніцтва “ЛесКам+” мы распачынаем штогадовую акцыю “Лес! Дабро! Парадак”, зацверджаную Міністэрствам лясной гаспадаркі. Яна будзе праходзіць у Беларусі і на Дзятлаўшчыне ў тым ліку да 18 красавіка і заклікае грамадзян аб’ядноўвацца талакой для навядзення парадку і аднаўлення беларускіх лясоў. Тут, у лясным масіве каля вёскі Коцькі, знаходзяцца тры пахаванні ахвяраў Халакосту гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Разам з валанцёрамі мы навядзём парадак на саміх помніках і падыходах да іх, – расказаў намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса Аляксей Урбановіч.  

Ён нагадаў удзельнікам акцыі гісторыю гэтага месца, якой падзяліўся Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей: “Усяго за гады вайны на тэрыторыі раёна было знішчана больш за 19 тысяч яўрэяў. Сярод іх асаблівай жорсткасцю вылучаецца знішчэнне яўрэйскага насельніцтва ў лясным масіве паміж вёскамі Дварэц і Коцькі. Яшчэ вясной 1942 года ў Дварцы было створана яўрэйскае гета. Каля 400 дварэцкіх яўрэяў павінны былі на працягу двух тыдняў перасяліцца туды і насіць нашытую жоўтую зорку Давіда.

Восенню гета ўзялі пад узмоцненую ахову. У 9 гадзін раніцы канвой пачаў выводзіць зняволеных за агароджу і саджаць у машыны. Каля вёскі Коцькі па загадзе акупантаў мясцовыя жыхары капалі траншэі. Сюды з’язджаліся машыны, гружаныя людзьмі з Івянца, Налібокаў, Любчы, Карэлічаў, Дзятлава і Дварца. З боку Наваельні рухаліся калоны яўрэяў, прывезеных на чыгуначную станцыю.

Для выканання расстрэлу прыбылі эсэсаўцы, ім дапамагалі паліцаі. Сялянам, якія капалі траншэю, загадалі адысці і знаходзіцца побач. У 10 гадзін пачаўся расстрэл: зняволеных ставілі на край траншэі, стралялі з блізкай адлегласці, і забітыя падалі ўніз. Грузавікі пад’язджалі адзін за адным. Крывавая бойня працягвалася ўвесь дзень. Да абеду была запоўнена першая траншэя, за ёй – другая. Да вечара – яшчэ адна за два кіламетры ад Дварца. Вяскоўцы, якія пад прыцэлам аўтаматаў закопвалі траншэю, сталі відавочцамі жудаснага відовішча: зямля набрыняла крывёй, варушылася. Увечары 51 чалавек, якія не змяшчаліся ў траншэях, былі расстраляны ў гета вёскі Дварэц. У 2004 годзе іх астанкі перапахавалі на яўрэйскіх могілках у Дзятлаве, а на месцах расстрэлу засталіся тры помнікі. На адным з іх таблічка на рускай і яўрэйскай мовах паведамляе: “Тут пахаваны 10 000 ахвяраў, жыхары Дварца, Івянца, Рубяжэвічаў, Дзераўной, Налібокаў, Карэлічаў, Дзятлава і іншых вёсак, па-зверску расстраляныя 28.12.1942 нямецкімі фашыстамі”.

Школьнікі атрымалі неабходны інвентар, гаспадарчыя пальчаткі для работы і інструктаж ад ляснічага Новаяльнянскага лясніцтва Валерыя Зінкевіча па правілах бяспекі і паводзінаў у лесе.

Разам з дарослымі юныя абаронцы лесу дружна папрацавалі на памятных для дзятлаўчан месцах: навялі парадак, паставілі кветкі і лампадкі да помнікаў.

На памяць аб рэспубліканскай акцыі яны атрымалі падарункі ад абласнога лесагаспадарчага аб’яднання.

Актывісткі школьнага лясніцтва расказалі, чаму вырашылі паўдзельнічаць у мерапрыемстве.

Ангеліна Ярмаловіч:

–  Вясна прыйшла і ўжо кліча нас з-за парт на вуліцу, таму мы з радасцю прынялі прапанову папрацаваць у лесе з карысцю для роднага раёна і задавальненнем для сябе. Робім усё дружна, як і заўсёды. Разам са школьным лясніцтвам мы пастаянна ўдзельнічаем у экалагічных акцыях, бо разумеем: лес – гэта багацце, прыгажосць і крыніца свежага паветра, наша будучыня. Мы здольныя аказаць дарослым дапамогу ў яго прыбіранні. Таксама гэтай зімой мы “адкрылі” ў горадзе сталоўку для птушак, якую папаўнялі і даглядалі, прадаўжаем гэту справу і цяпер.

Паліна Кіцун:

– Ахвотна падтрымалі экалагічную акцыю, тым больш што яна звязана з памяццю аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. На ўроках гісторыі і факультатыўных занятках мы вывучаем гэту тэму, у нашым школьным музеі знаёмімся з ваеннай гісторыяй краю і самі праводзім даследаванні па тэме. На гэты раз нам выпаў шанц навесці парадак на такіх памятных месцах – не толькі словам, але і справамі даказаць, што мы помнім подзвіг і трагедыю беларускага народа.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации