Першы выхад тэхнікі ў палі, сезоннае шэфства прамысловых прадпрыемстваў, навядзенне парадку, выпальванне сухой расліннасці, кантроль за захаваннем матэрыяльных каштоўнасцей, рэйды па магазінах – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе, якую правёў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.

Да зямлі – з павагай

Галоўнай тэмай нарады стала падрыхтоўка да вясновых палявых работ. На Дзятлаўшчыне (па даных на 6 сакавіка) падрыхтавана 97 % сельскагаспадарчай тэхнікі. Тэхагляд прайшло 95 %. Плануецца аказанне дапамогі гаспадаркам з боку прамысловых і іншых прадпрыемстваў. У палі дадаткова выйдуць сем трактароў, адзін пагрузчык, два грузавыя аўтамабілі.

– Пасяўная для ўсіх аграрыяў раёна – справа добра знаёмая. Якасна пасееш – будуць ураджай, хлеб на стале і кармы для жывёлы, малако і мяса. Таму да зямлі трэба ставіцца з павагай і работы праводзіць своечасова, комплексна, – адзначыў Віталій Шулейка.

Наяўнасць мінеральных угнаенняў пад яравую сяўбу і паўторныя вясновыя падкормкі складае 59 % да патрэбы. Нізкі аб’ём назапашвання азотных угнаенняў у ААТ “Дварэц-Агра” (33 %), ТАА “РоданАграПол” (12 %); фосфарных – у ТАА “РоданАграПол” (0 %), КСУП “Хвінявічы” (33 %), КСУП “Жукоўшчына” (44 %); калійных – у ТАА “РоданАграПол” (0 %), КСУП “Жукоўшчына” (17 %), ААТ “Дварэц-Агра” (42 %).

Кандыцыйным насеннем зернебабовых культур гаспадаркі забяспечаны на 25 % да патрэбы; бульбы – на 83 %; шматгадовых траў – на 27 %.

Віталій Шулейка настройваў аграрыяў на нарошчванне тэмпаў работ, далейшае назапашванне ўгнаенняў. Надвор’е ўжо дазваляе падкормку шматгадовых траў, рапсу.

Па ўгнаенні для прыватных участкаў – у магазін

Прадоўжылі нараду тэмай бяспекі. Ратаўнікі ўключаюцца ў кантроль за прысядзібнымі ўчасткамі. Веснавое сонейка добра высушвае глебу і мінулагоднюю траву. Прафілактыка выпальвання грамадзянамі сухой расліннасці становіцца першачарговай задачай.

На тэрыторыі раёна прадаўжаецца акцыя “За бяспеку разам”, у час якой ратаўнікі вучаць алгарытму дзеянняў у час пажару або іншай надзвычайнай сітуацыі. Акрамя таго, нагадваюць дзятлаўчанам пра небяспечнасць лёду. Ён яшчэ не сышоў поўнасцю на вялікіх азёрах і рэчках, і некаторыя рыбакі-фанаты рызыкуць па ім прайсціся.   

Што датычыцца праваахоўнікаў, узмоцнены кантроль за сферай АПК. У выхадныя ўжо затрыманы механізатар аднаго з КСУПаў раёна за рулём у нецвярозым стане. Дарэчы, Дзяржаўтаінспекцыя цяпер будзе правяраць не толькі дакументы і стан вадзіцеля, але і багажнікі аўтамабіляў. Перыяд падрыхтоўкі да сяўбы аматарам лёгкай нажывы здаецца спосабам падзарабіць на незаконнай рэалізацыі мінеральных угнаенняў. Прадухіліць крадзяжы дзяржаўных матэрыяльных каштоўнасцяў – задача супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.    

Кожны панядзелак – маніторынг

Як паведаміла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, работнікі аддзела эканомікі райвыканкама сумесна з прадстаўнікамі Дзятлаўскага райЦГЭ цяпер кожны панядзелак праводзяць маніторынгі ў гандлёвых аб’ектах, прычым не толькі дзяржаўнай, але і прыватнай формаў уласнасці. Правяраюць тэрміны прыдатнасці, тэмпературны рэжым захоўвання прадукцыі, парадак у гандлёвай зале і на прылеглай тэрыторыі магазінаў і іншае. Таксама на бягучым тыдні будзе правераны асартыментны пералік тавараў, якія на Дзятлаўшчыне рэалізуюць “Белпошта” і інтэрнэт-магазін “Белтэлекам”.

Пра парадак па парадку

Вясновую генеральную ўборку ў населеных пунктах Дзятлаўшчыны пачало РУП ЖКГ. Камунальнай службе пастаўлена задача максімальна задзейнічаць спецыяльную тэхніку, каб хутчэй ачысціць вуліцы ад пяску і смецця.

Дарожныя службы таксама ўключыліся ў работу на сваіх участках.

Тлумачэнні па “невычэрпнай крыніцы”, што ўтварылася на праезнай частцы па вуліцы Фрунзэ ў райцэнтры, даў на нарадзе дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі Васіль Пяцюк. Ён расказаў, што гэта не прарыў водаправода, а замерзла частка ліўневай каналізацыі і пакуль не атрымліваецца яе размарозіць, таму сцёкавыя воды пастаянна “выходзяць” з-пад дарожнага люка.

Віталій Шулейка заклікаў дзятлаўчан наводзіць парадак:

– Населеныя пункты пасля зімы сапраўды выглядаюць не лепшым чынам, і трэба накіраваць намаганні на тое, каб прывесці іх у парадак. Гэта задача не толькі дарожнай і камунальнай службаў, але і кожнага кіраўніка прадпрыемства або арганізацыі, увогуле кожнага чалавека. Яшчэ не прыйшоў час буйных суботнікаў, але прыбраць смецце, што з’явілася з-пад снегу, падмесці пясок – нескладаная задача. Ніхто не павінен стаяць у баку. Разам мы зможам захаваць нашу Дзятлаўшчыну чыстай і ўтульнай.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации