Год таму ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча адкрыўся інжынерна-тэхнічны цэнтр (ІТЦ). За гэты час ён вырас са звычайнага навучальнага кабінета ў жывы механізм, які пастаянна развіваецца. Сёння гэта пяць ключавых напрамкаў, кожны з якіх становіцца для дзіцяці надзейнай прыступкай да прафесій будучыні.

Адным з флагманаў цэнтра стала кафедра інфармацыйных тэхналогій – IT-лабараторыя “Патрыёт” пад кіраўніцтвам Кацярыны Латушка. Тут навучэнцы не проста асвойваюць тэорыю, а ствараюць запатрабаваныя лічбавыя прадукты. У партфоліа лабараторыі ўжо ёсць аўтарскія сайты, інтэрактыўныя трэнажоры і сацыяльна значныя праекты. Яе выхаванкі Ангеліна Залучан і Соф’я Каско адзначаюць, што графічны дызайн, штучны інтэлект і вэб-распрацоўка – гэта не проста навыкі, а рэальныя інструменты для стварэння і паляпшэння свету вакол.
Праекты лабараторыі атрымалі высокую ацэнку на абласным узроўні, а самі школьнікі сталі пераможцамі і прызёрамі прэстыжных конкурсаў “Патрыёт.by” і “Тэхнаінтэлект”. Сёння іх распрацоўкі не проста навучальныя кейсы, а важная частка іміджу школы і ўсяго Дзятлаўскага раёна ў глабальнай сетцы.

Шлях у свет высокіх тэхналогій пачынаецца на кафедры “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне” (кіраўнік Фёдар Бойка). Тут закладваецца база, якая пазней знаходзіць увасабленне ў цэху 3D-протатыпіравання і ГІС-тэхналогій. Для хлопчыкаў і дзяўчынак 3D-друк – гэта не проста хобі, а інструмент для тэсціравання інжынерных ідэй.

Гонар цэнтра – Кірыл Шайбак. Прайшоўшы навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, у дзень нараджэння ІТЦ ён заваяваў дыплом I ступені на конкурсе “Робін – 2026” у Лідзе. Яго аднакласнік Уладзіслаў Юрэня прымяняе ГІС-тэхналогіі для вырашэння сур’ёзных задач – ацэнкі запасаў радовішча пяску “Савіцкае”.


На кафедры робататэхнікі (кіраўнік Алена Дварчанін) тэхналогіі вучаць думаць. Майстэрства Аляксея Іоды і Максіма Грошава ўжо пацверджана прызавымі месцамі ў абласным робатурніры.

За экалагічную бяспеку і стварэнне інавацыйных матэрыялаў адказвае кафедра “Інжынерная экалогія” пад кіраўніцтвам Наталлі Мармыш. Поспехі яе выхаванкі Алены Губко на абласным этапе конкурсу “Інжынеры будучыні” даказваюць: у цэнтры ўмеюць працаваць на стыку навукі і практыкі.

ІТЦ стаў сувязным звяном паміж школьнай партай і рэальнай вытворчасцю. Дзякуючы факультатыву “У свеце тэхнікі і тэхналогій” выбар будучай прафесіі для дзяцей становіцца ўсвядомленым.
Тэорыя падмацоўваецца практыкай на вядучых прадпрыемствах раёна. Школьнікі вывучаюць тэхніку ў Дзятлаўскай сельгастэхніцы, знаёмяцца з энергетыкай у РЭС, даследуюць сучасныя матэрыялы разам з ТАА “Ізакам”.

Вынік партнёрства – россып узнагарод: дыпломы I ступені ў Яўгена Голуба, II – у Кірыла Шайбака, III – у Сяргея Рашчупкіна і Максіма Капралава.
Падводзячы вынік першага года працы, у ІТЦ адзначаюць: пройдзены шлях ад першага ўключэння абсталявання да абароны інавацыйных праектаў – гэта толькі пачатак. Цэнтр стаў сапраўднай стартавай пляцоўкай для тых, каму трэба будзе праслаўляць сваім талентам родны край.

Інжынерна-тэхнічны цэнтр сярэдняй школы № 3 даказаў: калі мара сустракаецца з сучаснымі тэхналогіямі і прафесійным настаўніцтвам, будучыня раёна будуецца ўжо сёння.
Алена ДВАРЧАНІН,
Мая ЯКАЎЧЫК,
кіраўнікі ІТЦ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае