У святочныя дні паміж Нараджэннем Хрыстовым і Хрышчэннем Гасподнім у гарпасёлку Казлоўшчына асвяцілі купель, якую дзятлаўчане будавалі і добраўпарадкавалі разам.




Яна была ўзведзена на намоленым месцы – побач з крыніцай у гонар іконы Божай Маці “Жываносная Крыніца”, добраўпарадкаванай крыху больш за год таму. У адкрыцці новага праваслаўнага аб’екта прыняло ўдзел кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, духавенства, работнікі Казлоўшчынскага сельвыканкама, мясцовых арганізацый, жыхары гарадскога пасёлка.

Андрэй Садоўскі павітаў прысутных і падкрэсліў, што сённяшняя адметная падзея – плён грамадскай ініцыятывы, рэалізаванай жаданнем і намаганнямі многіх нераўнадушных людзей.

– Здаецца нядаўна, на свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы ў 2024 годзе, на гэтым месцы асвяцілі крыніцу, і ўжо тады было прынята рашэнне пабудаваць тут купель. Крыху больш за год спатрэбілася, каб рэалізаваць дадзены праект. Гэта без перабольшання важная для ўсіх вернікаў раёна падзея – вынік работы грамадзянскіх ініцыятыў, якія рэалізуюцца сіламі прадпрыемстваў на тэрыторыі сельсавета разам з мясцовым насельніцтвам, мясцовымі і раённымі органамі ўлады, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Цяпер у гарпасёлку Казлоўшчына ёсць свой завершаны комплекс, які, упэўнены, стане месцам прыцягнення не толькі праваслаўных хрысціян, але і жыхароў, гасцей раёна. Сёння маю выдатную нагоду выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прымаў удзел у народным будаўніцтве – фінансамі, матэрыяламі, уласнай працай, малітвай. Шчыра дзякую дырэктару Дзятлаўскага ПМС Віктару Адамчыку, які заклаў аснову аб’екта, дырэктару ТАА “Агражалезабетон” Аляксандру Волкаву, намесніку дырэктара ТАА “ЛВК ВУД” Аляксандру Краўцу, кіраўніку прадпрыемства “Панэкспа” Паўлу Сазону, які пастаянна ўдзельнічае ў грамадскіх праектах. Дзякуючы вам усім атрымалася рэалізаваць значны праект. Упэўнены, што людзі ацэняць вашы старанні.

Прыемна, што асвячэнне купелі праходзіць у перыяд вялікіх царкоўных святаў. Думаю, на Хрышчэнне Гасподняе дзятлаўчане будуць з малітвай акунацца тут. Жадаю ўсім заўсёды адкрываць сэрцы і памкненні для добрых спраў і мець выдатнае здароўе для іх рэалізацыі.

Да віншаванняў далучыўся Аляксандр Бараноўскі:

– Дарагія землякі! Віншую ўсіх з адметнай падзеяй і каляднымі святамі! Сіламі і стараннямі тых, хто жыве ў гэтым маляўнічым куточку Дзятлаўшчыны, працуе, клапоціцца аб дабрабыце і прыгажосці роднага краю быў узведзены гэты аб’ект. Дзякуй усім, хто адгукнуўся, за добрыя сэрцы і справы. Ад душы жадаю міру, дабра, радасці. Няхай гэта асаблівае месца натхняе нас на іншыя здзяйсненні.

Аляксандр Станіслававіч уручыў заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў быў адзначаны Аляксандр Кравец, Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага раённага савета дэпутатаў – Павел Сазон, каштоўнымі падарункамі – Віктар Адамчык, Аляксандр Волкаў, жыхары сельсавета, якія прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве – Іосіф Здановіч, Уладзімір Бонда, Віталь Куніцкі.








Благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель падкрэсліў важнасць падзеі для ўсіх дзятлаўчан і запрасіў да сумеснай малітвы.

– Студзеньскія святы, якія адзначаюць хрысціяне ў гэтым годзе, асветлены знакавай для ўсіх нас падзеяй – асвячэннем на казлоўшчынскай зямлі першай на Дзятлаўшчыне купелі, дзякуючы чаму мы яшчэ больш наблізімся да Бога. Вада – крыніца жыцця.

Са Свяшчэннага пісання мы ведаем, што ў Іерусаліме была свяшчэнная крыніца, у якой можна было атрымаць уратаванне ад любой хваробы. Спадзяюся, што і гэта месца пасля ўзнясення малітвы набудзе асаблівую сілу, і кожны, хто з верай будзе акунацца ў купель, атрымае лячэнне ад сваіх духоўных і цялесных недамаганняў. Веру, што гэта крыніца і купель стануць сапраўдным месцам прыцягнення для ўсіх вернікаў.

Айцец Іаан выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна і асабіста старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму за мноства добрых спраў на карысць Дзятлаўшчыны:

– Андрэй Уладзіміравіч дае жыхарам раёна сур’ёзныя абяцанні, якія заўсёды пацвярджаюцца справамі. Некалі мы планавалі пабудаваць памятны знак з нагоды юбілейных датаў Навагрудскай епархіі. Як вынік – было закладзена і адкрыта пяць такіх знакаў у розных куточках раёна, адзін з іх размешчаны і ў Казлоўшчынскім сельскім савеце. Таксама калі асвячалі на гэтым месцы крынічку, была выказана задумка дапоўніць яе купеллю, і ўжо сёння мы асвячаем гэты аб’ект. Шчыра дзякую вам за ваша добрае сэрца і адказнае служэнне людзям. Няхай Гасподзь умацоўвае вашы сілы і дапамагае ў справах на карысць нашай Айчыны і землякоў.


Разам з настаяцелем храма Успення Прасвятой Багародзіцы протаіерэем Георгіем Ярмолічам яны ўзнеслі малітву і асвяцілі купель.


Пасля завяршэння прысутныя змаглі пазнаёміцца з новым аб’ектам. 19 студзеня можна будзе прыехаць у Казлоўшчыну памаліцца і акунуцца ў хрышчэнскай вадзе.



Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае