Планы па развіцці раёна ў 2026 годзе, стварэнне даступнага асяроддзя, свята без феерверкаў, кантроль за жывёлагадоўляй – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Задача не толькі дзяржавы, але і грамадства ў цэлым

У сучасным свеце мы ўсё часцей гаворым аб правах чалавека, інклюзіі і роўных магчымасцях. Аднак адна з важных тэм, якая заслугоўвае асаблівай увагі, – гэта стварэнне даступнага асяроддзя для фізічна аслабленых грамадзян.

На абласной, а пасля і раённай нарадах абмеркавалі стварэнне новых аб’ектаў для карыстання людзьмі з інваліднасцю ў 2025 годзе і планы на 2026-ы. Сёлета на Дзятлаўшчыне былі арганізаваны тры новыя аб’екты: у галіне адукацыі, аховы здароўя і жыллёвага фонду. З раённага бюджэту на іх выдаткаваны больш за 12 тысяч рублёў. Фарміруецца план 2026 года.

– Наяўнасць пандусаў, ліфтаў, шырокіх дзвярных праёмаў і спецыяльных парковачных месцаў – усё гэта абавязковыя элементы, без якіх чалавек з інваліднасцю проста не зможа ў знешняй прасторы. Таму штогод у раёне рэалізуюцца і дадаюцца новыя аб’екты. На наступны год неабходна сфарміраваць напружаны план як для дзяржаўных арганізацый, так і прыватнай формы ўласнасці па стварэнні неабходных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, звяртаючыся да Алены Васкель, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Дзятлаўчаніну інкрымініравана здрада дзяржаве

У адносінах да жыхара Дзятлаўскага раёна ўзбуджаны дзве крымінальныя справы пратэстнага кірунку па фактах садзейнічання экстрэмісцкаму фарміраванню. У час тэрміновай службы ў арміі (2022-2024 гады) малады чалавек збіраў і прадастаўляў інфармацыю аб руху ваеннай тэхнікі. Аб гэтым паведаміў у час нарады начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі.

Напярэдадні навагодніх святаў Вадзім Васільевіч нагадаў дзятлаўчанам, што згодна з пастановай Савета Міністраў № 3 ад 3 студзеня 2025 года, у Беларусі цалкам забаронены гандаль піратэхнічнымі вырабамі 2-5 класаў небяспекі. Дазволены толькі бенгальскія агні, хлапушкі і фантаны халоднага агню. Забарона была ўведзена ў сувязі з частымі выпадкамі траўматызму, асабліва сярод непаўналетніх, з-за парушэння правілаў выкарыстання піратэхнікі.

Выкарыстанне такіх вырабаў у грамадскіх месцах катэгарычна забаронена, кваліфікуецца як дробнае хуліганства па артыкуле 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і прадугледжвае штраф да 30 базавых велічыняў, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт. У выпадку прычынення значнай шкоды здароўю або маёмасці вінаваты можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкулах 299 або 339 Крымінальнага кодэкса.

Толькі граматная арганізацыя працэсаў

У сельскай гаспадарцы раёна прадаўжаюцца работы па ўнясенні арганікі, уздыме зябліва, што дазваляе зусім не марознае надвор’е.

У мінулую пятніцу прайшоў паўторны агляд пастаноўкі сельскагаспадарчай тэхнікі на зімовае захоўванне. Як расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, узорнай можна назваць работу КСУП “Хвінявічы” і КСУП “Войневічы”. Выправілі заўвагі пасля першага аб’езду ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”.

На асаблівым кантролі цяпер падрыхтоўка насення. Па плане, на 1 студзеня 2026 года насенны фонд гаспадарак раёна павінен быць сфарміраваны на 60 %.

Самай жа галоўнай тэмай і клопатам на бліжэйшую перспектыву кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі абазначыў жывёлагадоўлю.

– На бягучым тыдні па вытворчасці малака мінусуюць два прадпрыемствы: КСУП “Жукоўшчына” і КСУП “Войневічы”. Аднак увогуле па раёне трымаецца добры тэмп. Зімоўка жывёл – адзін з найбольш адказных перыядаў для аграпрамысловага комплексу. Ад таго, наколькі паспяхова яна праходзіць, граматна арганізаваны ўсе працэсы, залежыць далейшая эфектыўнасць сферы жывёлагадоўлі і фінансавая стабільнасць гаспадарак, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.

Іншыя тэмы коратка

Дзятлаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі правёў маніторынг па захаванні парадку на тэрыторыі гаражных кааператываў раёна. Выяўленыя заўвагі былі аператыўна ліквідаваны. Дарэчы, на Дзятлаўшчыне цяпер зарэгістраваны 10 гаражных кааператываў.

****

У Дзятлаўскую ЦРБ на бягучым тыдні будзе дастаўлены і ўстаноўлены новы рэнтген-апарат. Хутка – і мамограф.

****

Спецыялісты Дзятлаўскага РУП ЖКГ абследавалі апорныя будаўнічыя канструкцыі воданапорнай вежы ў райцэнтры на прадмет іх тэхнічнага стану і магчымасці далейшай эксплуатацыі. Стан вежы нездавальняючы. Патрабуецца замена.

****

На 2026 год на Дзятлаўшчыне таксама запланаваны капітальны рамонт жылля ў аб’ёме 5500 квадратных метраў па шасці аб’ектах. Агульная каштарысная вартасць складае 3 мільёны 251 тысячу рублёў.

****

Да навагодніх упрыгажэнняў Дзятлава на бягучым тыдні яшчэ дадасца гірлянда па вуліцы Навагрудскай і дзве светлавыя аркі.

****

У святочную навагоднюю ноч дзятлаўчан і гасцей горада чакае маляўнічае лазернае шоу на возеры па вуліцы Чырвонаармейскай у Дзятлаве. Арыенціровачны пачатак шоу пазначаны на 1 гадзіну 15 хвілін.

А пасля майстры лазернай феерыі прадоўжаць работу на начной дыскатэцы каля галоўнай ёлкі райцэнтра.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации