9 снежня, у Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынства генацыду, у гарадскім пасёлку Наваельня каля помніка на месцы масавага расстрэлу мірных людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны прайшоў мітынг-рэквіем.





Удзел у ім прымалі раённае кіраўніцтва, дэпутаты на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, прадстаўнікі пракуратуры, сілавых структур, працоўных калектываў, педагогі, навучэнцы, жыхары.

– Сённяшні дзень прысвечаны памяці ахвяраў генацыду, мы ўспамінаем мірных жыхароў, якія былі забіты ў перыяд фашысцкай акупацыі, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Тэма Другой сусветнай вайны вельмі складаная і трагічная для ўсяго савецкага народа, бо ў той час масава знішчалася мірнае насельніцтва: практычна поўнасцю – яўрэі, быў распрацаваны і план па знішчэнні славян, паводле якога агрэсары меркавалі пакінуць у жывых у якасці рабоў не больш за 20 % ад агульнай колькасці прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці. Не абышла трагедыя Дзятлаўшчыну: загінулі больш за 20 000 яе жыхароў, сярод якіх на франтах толькі 1800, астатнія забітыя былі мірнымі людзьмі.

У страшныя гады акупацыі на тэрыторыі раёна функцыянавалі чатыры гета, дзе былі знішчаны амаль усе дзятлаўчане-яўрэі, спалены 23 населеныя пункты раёна, сем з якіх – разам з жыхарамі. Назаўжды ў памяці такія месцы трагедыі, як урочышча Цагельня, масавыя пахаванні ў Коцьках, Курпешах, Дзятлаве, а гэты кар’ер у Наваельні выкарыстоўваўся фашыстамі як месца расстрэлу мірных людзей, у тым ліку тых, якіх прывозілі з іншых раёнаў.
У наш час 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам тут былі праведзены раскопкі. Адкрыліся маштабы той трагедыі, калі былі забіты амаль 500 чалавек, а фашысты знішчалі нават сляды сваіх злачынстваў.

Сёння мы з вамі не толькі аддаём даніну памяці загінулым, але і ўспамінаем, якая тонкая грань існуе паміж мірам і вайной, што ў любы момант можа разгарэцца ваенны канфлікт. Няхай памяць пра ўсіх, хто загінуў у полымі Вялікай Айчыннай вайны, жыве ў нашых сэрцах.


Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыяла.










Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае