У панядзелак на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага шмат увагі было нададзена сельскай гаспадарцы. Таксама з адказнымі службамі абмеркавалі супрацьпажарную бяспеку, арганізацыю рыначнага гандлю, грамадзянскія ініцыятывы і іншыя тэмы.

На мінулым тыдні прайшлі суботнікі па навядзенні парадку на аб’ектах жывёлагадоўлі раённых гаспадарак. Быў арганізаваны, дзе неабходна, вываз арганікі, ачыстка пляцовак для выгулу жывёлы, абкошаны тэрыторыі, наладжана выманне кармоў з траншэй.

Маніторынгавай групай абследаваны 16 жывёльных могільнікаў.

Па выніках суботніка вызначаны аб’екты, дзе неабходна правесці датаковыя работы. 

На бягучым тыдні таксама сельгаспрадпрыемствы завяршаюць уздым зябліва, вываз цукровых буракоў, прадоўжаць унясенне арганікі на палі. Пройдзе паўторная праверка пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне.

Як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, на кантролі ў сельскай гаспадарцы павінны быць не толькі рабочыя пытанні, але і аховы працы.

Акцэнтавалі ўвагу на прафілактыцы алкагольнай залежнасці грамадзян. З пачатку года 35 дзятлаўчан ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі далажыў кіраўніку раёна, што да канца года адпраўкі ў ЛПП яшчэ будуць.

За мінулы тыдзень у аддзел паступіла 56 заяваў і паведамленняў аб здарэннях, узбуджаны дзве крымінальныя справы. Адна – за крадзеж веласіпеда з прыдамавой пабудовы (злачынца затрыманы), другая – за крадзеж прадаўцом прадуктаў і грашовых сродкаў.

Прадаўжаюць прафілактычную работу ў сваёй сферы ратаўнікі. Па словах начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка, ужо адпрацаваны домаўладанні дзятлаўчан з пячным ацяпленнем, цяпер увага нададзена шматдзетным сем’ям і пенсіянерам, работа праводзіцца як у сельскай мясцовасці, так і ў горадзе. Таксама ў рамках акцыі, накіраванай на ўстаноўку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у кожным доме, што ініцыявала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, на Дзятлаўшчыне ў домаўладаннях катэгарыраваных груп грамадзян устаноўлены 34 апавяшчальнікі, спецыялісты тлумачаць жыхарам неабходнасць такой эфектыўнай абароны, як АПА. Нездарма апавяшчальнік называюць хатнім “анёлам-ахоўнікам”. Акцыя будзе доўжыцца да 14 снежня.

Што датычыцца пажара ў вёсцы Дзянісава, дзе 4 снежня гарэў жылы дом, устаноўлена, што яго прычынай стала кароткае замыканне тэлевізара. Людзі на пажары не пацярпелі, агнём нанесена матэрыяльная шкода.

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская адзначыла, што днямі аддзелам эканомікі райвыканкама будзе праведзены маніторынг аб’ектаў гандлю раёна па кантролі кошту на плода-агароднінную прадукцыю. Андрэй Садоўскі нагадаў спецыялістам аб пастаўленай задачы тэхнічнай арганізацыі гандлю на рынку ў Дзятлаве.

Дарэчы, у гарпасёлку Казлоўшчына рыначны выязны гандаль цяпер праходзіць па серадах на новай асфальтаванай пляцоўцы (падрабязней чытайце ў бліжэйшым суботнім нумары “Перамогі”). З раённага бюджэту на ўладкаванне пляцоўкі патрачана 61 тысяча рублёў.

На кантролі кіраўнік раёна трымае і арганізацыю прыпыначных пунктаў аўтамагазінаў з абавязковым размяшчэннем інфармацыі на іх аб перыядычнасці і часе прыбыцця. Задача пастаўлена сельвыканкамам, але і ініцыятыва мясцовых жыхароў вітаецца, сумесная дзейнасць важная для паляпшэння якасці жыцця.

Работнікі Дзятлаўскага райЦГЭ і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на бягучым тыдні правядуць праверку санітарнага стану тэрыторый гаражных кааператываў.

Абмеркавалі таксама на нарадзе планы будаўніцтва ў раёне на наступны год.

Нагадалі, што ў раёне стартаваў агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне фасадаў будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый прадпрыемстваў, установаў, арганізацый і прыватных падворкаў Дзятлаўскага раёна ў 2025 годзе (падрабязная інфармацыя размешчана на сайце, у сацыяльных сетках і месенджарах раённай газеты, а таксама ў нумары 93 ад 6 снежня 2025 года друкаванага выдання “Перамогі”).

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации