Уборка льну, бульбы, кукурузы, уздым зябліва, зносы аварыйных будынкаў, рамонт дарог, прафесійнае свята работнікаў культуры – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Крок у бок бяспекі

На абласной, а пасля і на раённай нарадзе служба па надзвычайных сітуацыях і дзяржаўтаінспекцыя падвялі вынікі 9 месяцаў.

Супрацоўнікі МНС Гродзеншчыны ажыццявілі 9699 выездаў. На пажарах выратаваны 262 чалавекі, 337 будынкаў і 57 адзінак тэхнікі.

Адбылося 584 пажары, 257 з іх з-за неасцярожнага абыходжання з агнём. У вогненнай пастцы загінулі 37 чалавек (адзін – у Дзятлаўскім раёне).

На вадзе загінулі 24 чалавекі, у тым ліку 2 дзіцяці.

Што датычыцца аварыйнасці на дарогах рэгіёна, за 9 месяцаў зафіксаваны 218 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 29 чалавек, 240 – паранены. Асноўнымі прычынамі трагедый дзяржаўтаінспектары вызначаюць няправільна абраную хуткасць руху транспартнага сродку і невыкарыстанне грамадзянамі святлоадлюстроўваючых элементаў. 

Дарэчы, пра святлоадлюстроўваючыя камізэлькі і флікеры, якія закупілі для сваіх работнікаў усе сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы Дзятлаўскага раёна, таксама гаварылі спецыялісты. Праваахоўнікі адзначаюць, што работнікі вячэрніх і начных змен часта грэбуюць гэтымі сродкамі бяспекі, спасылаюцца на тое, што забрудзяць або змарнуюць рэч. Такія адгаворкі не толькі сведчаць аб парушэнні правілаў дарожнага руху, абыякавых адносінах да ўласнай бяспекі, але і выклікаюць у міліцыянераў падазрэнне на спробы крадзяжу дзяржмаёмасці, каб, як кажуць, прайсці і “не засвяціцца”.

Кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна пастаўлена задача правесці прафілактычныя, растлумачальныя гутаркі з работнікамі аб неабходнасці выкарыстання святлоадлюстроўваючых элементаў.

Прадаўжаецца на Дзятлаўшчыне работа з непрацуючымі грамадзянамі, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі. Сёлета 32 дзятлаўчаніны ўжо ізаляваны ў ЛПП, у кастрычніку будуць адпраўлены яшчэ чатыры.

Супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС на працягу кастрычніка планава ўстановяць 10 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў з вывадам сігналу на знешняе святло-гукавое прыстасаванне на домаўладаннях катэгарыраваных грамадзян.

Зямля аддзячыць за клопат

У сельскай гаспадарцы прадаўжаюцца работы па ўборцы льнотрасты, кукурузы, бульбы, грэчкі, цукровых буракоў, іншых культур. Як дадаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, гаспадаркам да 10 кастрычніка неабходна ўбраць салому з палёў, паэтапна пераводзіць тэхніку на зяблевае ўзворванне, якое таксама трэба правесці ў аптымальны агратэхнічны тэрмін, каб у будучым годзе разлічваць на добры ўраджай.

Андрэй Садоўскі паставіў задачу на бягучым тыдні аграрыям правесці падвядзенне вынікаў.

Прадаўжаюцца ў раёне сельскагаспадарчыя кірмашы: 11 верасня яны пройдуць у гарпасёлках Наваельня, Казлоўшчына, аграгарадку Гезгалы, а 18 кастрычніка – у Дзятлаве.

Рамонт дарог

Пакуль дазваляе надвор’е, актыўную работу па рамонце дарожнага пакрыцця вядуць камунальная і дарожная службы раёна.

Асфальтаванне і падсыпка вуліц у Наваельні завершана. У хуткім часе будзе нанесена разметка на “свежым” пакрыцці. Дарожнікі займаюцца ямачным рамонтам.

Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі на бягучым тыдні “рэгулююць” люкі на вуліцы Ф. Скарыны, перасячэнні вуліц Чырвонаармейскай з Кастрычніцкай, вуліцы Кастрычніцкай у Дзятлаве.

Каля будынка ААТ “ААБ Беларусбанк” ідзе ўкладка новага плітачнага пакрыцця.

Увогуле, старшыня райвыканкама адзначыў, што РУП ЖКГ сёлета зроблены значны аб’ём работ, рэалізаваны ўсе планавыя мерапрыемствы гэтага года.

Прадаўжаюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А.А. Шаўчук. Праводзіцца падсыпка, закуплена і будзе ўкладвацца спецыяльнае гумовае пакрыццё для бегавых дарожак.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации