“Творчасць і магчымасці без межаў” – пад такім дэвізам на Дзятлаўшчыне, як і ў рэспубліцы ў цэлым, прайшоў Тыдзень установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі арганізаваў шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на актыўнае камплектаванне дзіцячых аб’яднанняў па інтарэсах. Для гэтага ладзіўся дзень адчыненых дзвярэй у гуртках па актуальных напрамках дзейнасці, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі “Творчасць без межаў”, “Нашчадкі зямлі беларускай”.

Усе жадаючыя маглі наведаць музей установы “Дадатковая адукацыя, дзіцячыя і моладзевыя грамадскія аб’яднанні Дзятлаўшчыны ў асобах, падзеях, датах”. Першымі наведвальнікамі сёлетняга верасня сталі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава. Кіраўнік музея Наталля Бойка правяла для іх экскурсію “Таямніца школьнага партфеля”.

Прыемныя ўражанні ад святочнага бенефіса “Нязнайка ў гасцях у дзяцей” засталіся ў выхаванцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Прайшоў тэст-драйв “ТэхнаФэст” аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, натуральна-матэматычнага профіляў. Піяр-квэст “Дзятлаўшчына – тое, што нас аб’ядноўвае” сабраў актывістаў дзіцячых і моладзевых аб’яднанняў.

У 2025-2026 навучальным годзе Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі прапаноўвае розныя аб’яднанні па інтарэсах: робататэхніка, кіберспорт, камп’ютарная графіка і анімацыя, выяўленчае мастацтва, падрыхтоўка да ваеннай службы, творчая дзейнасць у сферы праграмавання Scratch, арт-блогінг, турысцка-краязнаўчага, культурнага, фізкультурна-спартыўнага напрамкаў. Свае журналісцкія здольнасці школьнікі змогуць развіваць у моладзевым медыяцэнтры “КУБ”, які збярэ ініцыятыўных навучэнцаў. Большасць аб’яднанняў будзе працаваць у сельскай мясцовасці і аграгарадках. Не засталіся ў баку дзеці з асаблівымі адукацыйнымі здольнасцямі – для іх прадугледжана індывідуальнае навучанне, у тым ліку на даму.

Іна ДЗЕДАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзятлаўскага раённага ЦДАДіМ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga