32-я Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з  Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй у рамках Дня беларускага пісьменства 3 верасня стартавала ў Мінску, а сёння яе ўдзельнікаў сустракалі на Дзятлаўшчыне.

Першым прыпынкам у нашым раёне стаў праваслаўны памятны знак у вёсцы Малдавічы. Гасцей тут віталі духмяным караваем і душэўнай песняй. Іх сустрэлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Рагачова, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка.

Госці расказалі, што на сваім шляху наведваюць населеныя пункты, праводзяць сустрэчы з калектывамі, дзе закранаюць тэмы духоўнасці, маральнасці, патрыятызму, якія аб’ядноўваюць людзей. Падарожжа сабрала больш за два дзясяткі прадстаўнікоў розных прафесій – паэтаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, навукі, святароў. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства яны нагадваюць аб вытоках духоўнасці на беларускіх землях як падрастаючаму, так і старэйшаму пакаленню.

Даведка:

Сёлета экспедыцыя праходзіць пад знакам 80-годдзя Вялікай Перамогі, 900-годдзя заснавання полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, 800-годдзя Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра, многіх іншых важных дат. Яе ўдзельнікі ідуць па маршруце Мінск – Баранавіцкі раён – Зэльва – Казлоўшчына – Дзятлава – Ашмяны – Іўе. У кожным населеным пункце, дзе спыняюцца, стараюцца стварыць атмасферу Дня беларускага пісьменства, асвячаюць помнікі, садзяць Сады Малітвы, праводзяць духоўна-асветніцкія канферэнцыі, наведваюць сацыяльныя ўстановы. На пачатку экспедыцыі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

У Малдавічах падарожнікаў запрасілі далучыцца да культурнай спадчыны нашага раёна – наведаць мясцовую адметнасць, Дом брыгадзіра, дзе рэканструяваны вясковы інтэр’ер савецкіх часоў.

Наступным прыпынкам стаў мемарыял на брацкай магіле ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына, дзе адбыўся мітынг памяці. Яго ўдзельнікаў павіталі Ала Гародка і кіраўнік экспедыцыі Аляксандр Лапата-Загорскі. Настаяцель мясцовага храма протаіерэй Георгій Ярмоліч адслужыў ліцію. Памяць загінулых таксама была ўшанавана хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак.

Хрэсным ходам прысутныя рушылі да царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ў Казлоўшчыне, дзе адбыўся малебен і на свечкі прыхаджан быў перададзены Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй, а на падворку храма высаджаны яблыневыя дрэвы – так званы Сад Малітвы.

Удзельнікам экспедыцыі быў перададзены мяшочак з казлоўшчынскай зямлёй, і яны накіраваліся на духоўна-творчыя сустрэчы ў мясцовыя ўстановы: Казлоўшчынскія сярэднюю школу, гарпасялковую бібліятэку – цэнтр агульнадаступнай інфармацыі, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, сацыяльны пансіянат “Колас”, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Наступным экспедыцыю “Дарога да святыняў” сустракае горад Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 #деньписьменности

Похожие публикации