У райвыканкаме прайшла ІХ справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Яе лідарам зноў выбрана першы сакратар Кацярына Хілімончык, якая нязменна ўзначальвае аб’яднанне з 2016 года.
Форум сабраў дэлегатаў з навучальных установаў, арганізацый, прадпрыемстваў раёна.





Кацярына Хілімончык расказала аб рабоце арганізацыі ў 2021-2025 гадах і перспектывах развіцця на 2026-2030 гады. Агучыла, што раённая арганізацыі ГА “БРСМ” сёння аб’ядноўвае 770 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія ўваходзяць у 36 пярвічак. Іх грамадскае жыццё праходзіць актыўна. У апошнія гады прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці былі: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця, удзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах і электаральнай кампаніі, арганізацыя другаснай занятасці моладзі, дзейнасць у інтэрнэт-прасторы, работа моладзевага атрада аховы правапарадку і валанцёраў “Добрае Сэрца”. Моладзь раёна трымае шэфства над ветэранамі працы і ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, уразлівымі катэгорыямі насельніцтва. Папулярнасцю сярод працоўнай моладзі карыстаецца штогадовы раённы турыстычны злёт, маладых людзей аб’ядноўваюць спаборніцтвы па валейболе, настольным тэнісе, дартсе, комплекс па шматбор’і “Абаронца Айчыны”.


Кожны год у раёне працуюць студэнцкія атрады, выконваецца задача па працаўладкаванні моладзі. Для сельскіх працаўнікоў традыцыйнымі сталі спаборніцтвы сярод маладых вадзіцеляў і экіпажаў на сяўбе і жніве. Праходзяць круглыя сталы, адкрытыя дыялогі, іншыя асветніцкія сустрэчы з маладымі дзятлаўчанамі. Кацярына Хілімончык падзякавала за падтрымку кіраўніцтву раёна, за плённую работу і супрацоўніцтва – удзельнікам раённай моладзевай арганізацыі. Яна зазначыла, што дзейнасць аб’яднання па асноўных кірунках работы будзе прадоўжана.





Пра актыўнае жыццё сваіх арганізацый расказалі і сакратары пярвічак Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна Наталля Ліцкевіч і КСУП “Войневічы” Вераніка Ярош.


Удзельнікаў моладзевага форуму павітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён зазначыў, што члены аб’яднання вядуць сапраўды актыўнае грамадска-палітычнае жыццё, вырашаюць шмат актуальных задач. Аляксандр Станіслававіч пажадаў раённай арганізацыі расці і папаўняцца новымі ўдзельнікамі, а яе членам – здароўя, творчых поспехаў і стваральных спраў на карысць Радзімы.

Прыемным момантам форуму стала ўзнагароджанне актывістаў моладзевага руху раёна граматамі і падарункамі ад раённай і абласной арганізацый ГА “БРСМ”, кветкі ўручылі ветэранам руху Галіне Чура і Святлане Якаўчык.








На канферэнцыі былі абраны новы Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ”, кантрольная камісія, дэлегаты на 36-ю Гродзенскую абласную канферэнцыю ГА “БРСМ” і для рэкамендавання ў састаў Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ” і яе кантрольную камісію, прыняты да ўвагі зварот да моладзі Дзятлаўшчыны.



Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga