Падрыхтоўка да свята “Дажынкі-2025”, уборка бульбы і нарыхтоўка кармоў, праграма “ИнспектКом”, асфальтаванне вуліц, навядзенне парадку, знос дамоў, першавераснёўскія лінейкі – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Восень – работ восем
У сельскай гаспадарцы прадаўжаюцца работы па ўборцы зерневых культур. Крыху прыпыніла ўборачную кампанію дажджлівае надвор’е. Тым не менш, гаспадаркі раёна ўжо на фінішнай прамой.
Завяршылася, згодна з планам, сяўба азімага рапсу. Аграрыі вызваляюць плошчы пад сяўбу льну. З запланаваных 1245 гектараў убрана і перададзена Дварэцкаму льнозаводу 495. Прадаўжаецца корманарыхтоўка. З першага верасня сельгаспрадпрыемствы прыступяць да восеньскай сяўбы і ўборкі бульбы (неабходна ўбраць 120 гектараў).
Упершыню ў раёне ў жніўні, а не ў канцы верасня, як было раней, убіраюць і здаюць цукровыя буракі. Раннюю ўборку культуры вядзе ААТ “Граніт-Агра”.
Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што гаспадаркі Дзятлаўшчыны ўвогуле працуюць у добрым тэмпе.
Цяпло ў дом
Аб падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду гаварылі на нарадзе. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна функцыянуюць 29 цеплакрыніц (16 з іх – РУП ЖКГ), па 28 з якіх Дзяржпрамнаглядам выдадзены станоўчыя заключэнні. З паднаглядных Дзяржэнергагазнагляду са 127 спажыўцоў цеплавой энергіі атрымалі пашпарты гатоўнасці 97 (77 %) і 48 цеплакрыніц – 35 (73 %).
Было адзначана, што сітуацыя кантралюемая, па ўсіх цеплакрыніцах і спажыўцах вядзецца работа згодна з планам.
Дом-школа-дом
Што датычыцца бяспекі жыццядзейнасці, на нарадзе нагадалі, што з 25 жніўня пачалося спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”, у рамках якога ўсе вадзіцелі павінны рухацца з уключаным бліжнім святлом фар у любы час сутак.
Працягнецца мерапрыемства да 5 верасня. Яго мэта – папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, павышэнне пільнасці вадзіцеляў і бацькоў.
На пачатку верасня дзяржаўтаінспектары будуць праводзіць прафілактычныя акцыі для дзяцей і бацькоў, звяртаць увагу вадзіцеляў на выкананне ўстаноўленай хуткасці, правілаў бяспечнай перавозкі дзяцей і праезду пешаходных пераходаў. На асаблівым кантролі ў Дзяржаўтаінспекцыі арганізацыя бяспечных умоў для перамяшчэння дзяцей па маршруце “дом-школа-дом”.
Таксама, адказныя службы праінфармавалі, як функцыянуе на Дзятлаўшчыне праграмны апаратны комплекс “ИнспектКом”. Электронны памочнік прызначаны для збору, захоўвання і апрацоўкі даных у выпадку выяўлення ўразлівасці грамадзян і домаўладанняў. Старшыня райвыканкама паставіў задачу карэктна рэдактаваць інфармацыю, каб сярод службаў бяспекі, сацыяльнай і медыцынскай не было розначытанняў.
Андрэй Садоўскі ў чарговы раз завастрыў увагу на рабоце ўчастковых інспектараў міліцыі. Даў даручэнне ўзмацніць кантроль за грамадзянамі, якія злоўжываюць алкаголем і не працуюць.
Іншыя тэмы коратка
Дзятлаўшчына рыхтуецца да свята “Дажынкі-2025”. Раённае пройдзе ў райцэнтры 6 верасня, абласное свята плануецца адзначыць 20 верасня ў горадзе Ваўкавыску.
На раённых Дажынках жыхароў і гасцей Дзятлава чакае насычаная праграма з узнагароджаннем перадавікоў жніва, выставай сельгастэхнікі, тэматычнымі лакацыямі, камбайнам з цукеркамі, вячэрнім флайдборд-шоу з элементамі піратэхнічнага, светлавога абсталявання і феерверка на возеры па вуліцы Чырвонаармейскай, канцэртамі заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні, музыкі і танца “Белыя росы” і фіналістаў праектаў “Песня года Беларусі”, “Зорны Шлях” і многіх іншых.
****
28 жніўня ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці пройдзе традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя.
****
29 жніўня плануецца сустрэча кіраўніцтва раёна, спецыялістаў розных сфер з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі ў наш раёна на сваё першае месца працы.
****
Дарожная і камунальная службы займаюцца асфальтаваннем вуліц населеных пунктаў. На бягучым тыдні ў асфальтавае пакрыццё “апрануцца” вуліцы Савецкая і Лермантава ў Дзятлаве. У верасні будуць асфальтавацца вуліцы ў гарпасёлку Наваельня.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga