Новыя перамогі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў

Падзеі

Чацвёра канкурсантаў, два месяцы на падрыхтоўку і як вынік – тры прызавыя месцы на абласной алімпіядзе па тэарэтычных музычных дысцыплінах. Сёлета другі год запар зборная Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў стала лепшая ў вобласці па адным з самых складаных для юных музыкантаў конкурсных выпрабаванняў.

Навучэнцы школы мастацтваў прайшлі сапраўдны марафон, які доўжыўся з раніцы да вечара, паказалі вытрымку, грунтоўныя веды і волю да перамогі. Данііл Шуляк здабыў дыплом 1-й ступені ў малодшай групе, Анастасія Верамейка – дыплом 2-й ступені ў малодшай групе, Ганна Болбат – дыплом 3-й ступені ў малодшай групе, Паліна Верамейка ўзнагароджана граматай за лепшы дыктант у старэйшай узроставай групе. Пра падрыхтоўку да конкурсу, напружаны конкурсны дзень і апладысменты юным знаўцам тэорыі музыкі расказваюць педагогі, якія іх рыхтавалі, – Святлана Уладзіміраўна Мазырка і Людміла Казіміраўна Раманава.

— Тэарэтычна-музычны конкурс прадугледжвае шмат іспытаў. Каб справіцца з імі, трэба быць не толькі добрым музыкантам, але і матэматыкам, навукоўцам, журналістам, лектарам, – тлумачаць педагогі.

Акрамя такіх форм работы, як музычны дыктант, напісанне гарманічнай паслядоўнасці, тэст па сальфеджыа, віктарына па музычнай літаратуры (у пераліку да якой каля 500 музычных нумароў), тэст па музычнай літаратуры, спевы “з ліста” па нотах, у праграму конкурсу ўваходзіць хатняе заданне – падрыхтоўка рэферата. Сёлета канкурсанты з Дзятлава рыхтавалі даклад, прысвечаны сямейным песням, якія спявалі іх бабулі і прабабулі. Дзеці пераказвалі ўспаміны сваіх родных і выконвалі без акампанементу чатырохгалоссем традыцыйныя беларускія песні. За сваё выступленне яны атрымалі апладысменты ад глядацкай залы і вышэйшы бал – ад журы.

Святлана Уладзіміраўна Мазырка і Людміла Казіміраўна Раманава ўжо цяпер, пасля конкурсу, прызналіся, што вынік для іх стаў радасным, але і крыху сюрпрызам: надта ж сур’ёзная канкурэнцыя чакала дзяцей. Ліда, Гродна, Ваўкавыск, дзе абавязкова ёсць профільнае музычнае навучанне, а таксама ўсе іншыя райцэнтры і не толькі бралі ўдзел у конкурснай праграме і мелі амбіцыі на перамогу. Аднак самі юныя ўдзельнікі конкурсу, якія летась ужо станавіліся яго прызёрамі, спакойна прайшлі конкурсныя этапы без сумнення, што месяцы напружанай працы былі нездарма, што вынік абавязкова будзе выдатным.

Педагогі лічаць, што дзеці, якія могуць дастойна вытрымаць такія выпрабаванні, абавязкова дасягнуць поспехаў не толькі ў конкурсе, але і на іншых жыццёвых этапах. Да прыкладу, Данік Шуляк сёлета стаў пераможцам Х абласнога адкрытага конкурсу “Крынічка” ў намінацыі “фартэпіяна” пад кіраўніцтвам педагога Дзіны Аляксандраўны Мікуліч. Чыстыя галасы сясцёр Настассі і Паліны Верамейка дзятлаўчане маглі пачуць на канцэртах, прысвечаных святкаванню гадавіны Вялікай Перамогі і на іншых раённых мерапрыемствах.

Настаўнікі сёлетніх пераможцаў, Святлана Уладзіміраўна Мазырка і Людміла Казіміраўна Раманава, кажуць, што іх таленавітыя вучні пакуль не маюць планаў на будучыню, звязаных з музычнымі дысцыплінамі. Але педагогі ўпэўнены, што музыка дапаможа дзецям у жыцці, як дапамагла многім сусветна вядомым геніям.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *