У Казлоўшчынскім сельвыканкаме пад кіраўніцтвам старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшло пасяджэнне камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, сумешчанае з пасяджэннем савета грамадскага пункта аховы правапарадку і выязным кірмашом вакансій.

На прафілактычную гутарку былі запрошаны больш за 20 чалавек, з’явіліся 10. Сярод іх як тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, схільныя да злоўжывання алкаголем, нідзе не працуюць, не маюць крыніцы даходу, часцей карыстаюцца часовымі заробкамі або спажываюць бацькоўскую пенсію, так і сямейныя скандалісты. Такія грамадзяне знаходзяцца на пастаянным кантролі міліцыі і службаў прафілактыкі, бо часцей іх лад жыцця прыводзіць да супрацьпраўных учынкаў, парушэння грамадскага парадку.

На размову з мэтай дапамогі такім грамадзянам стаць на правільны шлях і аказаць ім падтрымку ў працаўладкаванні прыйшлі галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка, намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Юшкевіч, дырэктар Казлоўшчынскай сярэдняй школы Ігар Данільчык, участковы інспектар Віктар Лазута, з боку наймальнікаў – прадстаўнікі дрэваапрацоўчага прадпрыемства “Панэкспа”, Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь”, Казлоўшчынскага сацыяльнага пансіяната “Колас”, мясцовага дзіцячага сада.



На жаль, некаторыя “героі” прыходзяць на такія пасяджэнні не адзін раз, а другія і зусім ігнаруюць запрашэнні, не спяшаюцца скарыстацца парадамі і прапановамі, вінавацяць усіх, толькі не сябе, не могуць растлумачыць дакладна, чаму так склаліся жыццёвыя абставіны, а другіх усё задавальняе, як ёсць.

Праўда, былі сярод іх і тыя, хто выправіў сітуацыю. Адзін прайшоў лячэнне ад алкагольнай залежнасці, працуе, сам выхоўвае непаўналетняе дзіця, праблемных пытанняў з боку адміністрацыі школы няма.

Жанчына, якая гадуе непаўналетніх дзяцей, таксама працаўладкавана, на жаль, неспакой у членаў камісіі выклікае яе сужыцель-скандаліст, схільны да злоўжывання алкаголем. Цяпер сітуацыя нармалізавалася, ён перыядычна працуе, але ці будзе так заўсёды? Ёсць надзея, што жанчына ўлічыць парады і правільна вырашыць, як ёй жыць далей.




Добра, калі выпадкі сямейных скандалаў адзінкавыя і не паўторацца, як абяцаў яшчэ адзін запрошаны. Але большасць такіх грамадзян знаходзілі розныя адгаворкі, каб толькі не працаваць: то маму старэнькую трэба даглядаць, то па медыцынскіх паказаннях не можа знайсці сабе справу па сіле, то не ўжыўся з “начальствам”, то проста з мая не спяшаецца аднавіць пашпарт, бо для гэтага патрэбны грошы. Дарэчы, дырэктар прадпрыемства “Панэкспа” тут жа прапанаваў яму заробак, каб дапамагчы з аплатай новага дакумента. А вось ці прыйдзе грамадзянін заўтра на работу, як абяцаў, невядома.




Сярод тых, хто трымаў адказ перад раённымі службамі, былі і людзі з запатрабаванымі спецыяльнасцямі, як трактарыст, рабочы зялёнага будаўніцтва.
– Мы даём шанц ім выправіць тую складаную жыццёвую сітуацыю, у якую яны трапілі. Усё для гэтага ёсць: і рабочыя месцы, і адпаведная спецыяльнасць, але перашкаджае асабістая абыякавасць, шкодныя звычкі. Добра, што сёння ў некаторых ёсць бацькоўская пенсія, а што будзе заўтра, ды і сваю ж трэба зарабіць. Лягчэй знайсці апраўданне ці прычыну, – падрахункаваў вынікі работы Аляксандр Бараноўскі і дадаў, што прафілактычная работа з такімі катэгорыямі жыхароў вядзецца мэтанакіравана і будзе прадоўжана, бо кожны працаздольны грамадзянін павінен прыносіць карысць дзяржаве і грамадству.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga