Першым і самым адказным крокам пасля нараджэння дзіцяці становіцца выбар імя. Спрадвеку да імёнаў было асаблівае стаўленне. У некаторых народаў імя, дадзенае пры нараджэнні, старанна ўтойвалася – лічылася, што той, хто яго даведаецца, здабудзе над чалавекам магічную ўладу. А дзесьці, наадварот, імя было своеасаблівай візітоўкай: у ім спрабавалі адлюстраваць усе подзвігі і дасягненні. Паводле іншай традыцыі, імя давалася ў дзень паўналецця, калі асоба сябе ўжо праявіла – і тады імем спрабавалі перадаць рысы характару.
Асаблівае стаўленне да імёнаў захавалася і ў сучаснасці. Часам пры выбары імя дзіцяці хочацца ўлічыць занадта шмат пераменных – ад меркавання трох пакаленняў сваякоў да сямейных і рэлігійных традыцый, ды яшчэ і зрабіць гэта так, каб яно падабалася самім бацькам і падыходзіла па знаку задыяка. Падобнае прыводзіць да эмацыйных спрэчак і можа зацягнуць рашэнне на месяцы або зрабіць недакладны выбар. Адно, у чым сыходзяцца ўсе даследчыкі, – з імем канчаткова трэба вызначацца пасля таго, як вы ўпершыню ўбачыце на свайго малога. Магчыма, тады сэрца само падкажа самы правільны варыянт.
Усё ж. Што рабіць, калі, атрымаўшы пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, бацькі разумеюць, што далі ямуне тое імя? Беларускае заканадаўства дазваляе грамадзянам у некаторых выпадках змяніць сваё імя і нават прапісаць у афіцыйных дакументах творчы псеўданім. А як быць з дзецьмі? Да якога ўзросту бацькі могуць змяніць імя дзіцяці, не пытаючыся яго меркавання? Згодна з часткай 2 артыкула 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і ўласнае імя дзіцяці даецца са згоды бацькоў. Яму можа быць дадзена не больш за два імёны. Тое, якое запісана ў акце аб нараджэнні першым, лічыцца асноўным. Орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, не мае права адмовіць у прысваенні дзіцяці абранага бацькамі ўласнага імя, калі толькі яно не супярэчыць нормам грамадскай маралі, нацыянальным традыцыям.
У частцы 1 артыкула 71 кодэкса сфармуляваны дзве падставы, пры наяўнасці якіх можа быць зменена ўласнае імя дзіцяці па заяве бацькоў. Першая – калі пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці яму было дадзена імя без уліку пажаданняў бацькоў. Яна можа быць прынята пад увагу толькі ў выпадку, калі заява бацькоў пададзена на працягу першага года з дня нараджэння дзіцяці. Другая падстава – калі дзіця фактычна носіць іншае ўласнае імя, а не тое, якое яму было дадзена пры рэгістрацыі нараджэння. Такое змяненне можа мець месца на працягу шасці гадоў пасля рэгістрацыі нараджэння, а ў выключных выпадках – са згоды дзіцяці і органа апекі і папячыцельства – да дасягнення дзіцем 16 гадоў.
Змена імя дзіцяці, якое дасягнула шасці гадоў, дапускаецца толькі са згоды органа апекі і папячыцельства і самога дзіцяці – яно мае права самастойна выказаць вызначальнае меркаванне адносна захавання свайго імя і таго імя, якое фактычна носіць.
Падставай для змены імя дзяцей можа быць таксама рэгістрацыя ўсынаўлення (удачарэння).
Такая працэдура ажыццяўляецца органам ЗАГСа шляхам унясення ў запіс акта аб яго нараджэнні ў рамках выканання адміністрацыйнай працэдуры, прадугледжанай пунктам 5.10 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 года № 200.
За выдачу пасведчання ў сувязі з унясеннем змяненняў у запіс акта аб нараджэнні выплачваецца дзяржаўная пошліна ў памеры 1 базавай велічыні.
Святлана ВІНАКУРАВА,
галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga