Ужо зусім хутка дзеці пасля вялікіх канікулаў вернуцца ў свае навучальныя ўстановы, якія за лета былі адрамантаваны і абноўлены.
У Год добраўпарадкавання многія школы раёна атрымалі фінансаванне на рэалізацыю грунтоўных праектаў. Так, у Дварэцкай сярэдняй школе з’явілася новае асфальтавае пакрыццё на спартыўнай пляцоўцы і бегавой дарожцы. На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдзелена 132 тысячы рублёў. Асфальтаванне выканала КУП “Гроднааблдарбуд”.

Каб праінспектаваць ход работ і абмеркаваць гатоўнасць Дварэцкай школы да новага навучальнага года, яе наведалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, яго намеснік Вадзім Бялятка і старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч.

– Адукацыя, развіццё і выхаванне юных дзятлаўчан – тая сфера, на якую выдзяляюцца істотныя сродкі з раённага бюджэту. На Дзятлаўшчыне пастаянна прымаюцца меры для таго, каб усе школьнікі вучыліся ва ўтульных, абсталяваных усім неабходным кабінетах, сучасных спартыўных пляцоўках, мелі максімум магчымасцяў праявіць сябе ў любой сферы дзейнасці – ад навукі да спорту або мастацтва, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.
Дырэктар школы Наталля Болтач расказала, што асфальтавая пляцоўка будзе добраўпарадкавана па перыметры лаўкамі і элементамі ландшафту, яна стане цэнтрам прыцягнення дзяцей і моладзі. На пляцоўцы будзе нанесена разметка для вывучэння правілаў дарожнага руху і падрыхтоўкі юных інспектараў дарожнага руху. Таксама тут будуць праходзіць трэніроўкі па біятлоне, у якім выступаюць дварэцкія школьнікі.

1 верасня за школьныя парты тут сядуць 106 навучэнцаў з першага па адзінаццаты клас. Да гэтай падзеі навучальная ўстанова і яе калектыў падрыхтаваліся адпаведным чынам.

– У Год добраўпарадкавання мы істотна абнавілі інфраструктуру і матэрыяльна-тэхнічную базу, – расказала Наталля Мікалаеўна. – Заменена вулічнае асвятленне тэрыторыі на святлодыёдныя свяцільнікі, якія рэагуюць на рух; на месцы неактуальных кветкавых клумбаў з’явіліся сучасныя кветнікі, дарэчы, кветкавыя насаджэнні ўпрыгожваюць усю тэрыторыю школы па перыметры. У маі мы атрымалі ў падарунак шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку, якая карыстаецца папулярнасцю ў дзяцей і моладзі. Таксама за лета ва ўсіх вучэбных класах праведзены касметычны рамонт, набыты стэнды і дыдактычны матэрыял, спартыўны інвентар, посуд для сталовай, мэбля для размяшчэння экспанатаў у школьным музеі. Ужо чакаем дзяцей, каб бадзёра і з добрым настроем увайсці ў вучэбны працэс.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #образование