15 жніўня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адзначылі парафіяльнае свята.





У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, кіраўнікі і работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, настаяцелі каталіцкіх храмаў Навагрудка, Гродна, Уселюба, дзятлаўчане, якія прыйшлі памаліцца, асвяціць снапы, садавіну, агародніну.



На пачатку святочнай імшы ксёндз-пробашч Андрэй Лішко павітаў усіх прысутных, падзякаваў прыхаджанам за актыўнасць і іх шчырыя сэрцы, а хлебаробам – за тое, што гадуюць і ўбіраюць ураджай.

– У гэтым годзе людзі вядуць сапраўдную барацьбу за ўраджай. І ў гэтыя дні асаблівым чынам мы дзякуем Маці Божай за тое, што маем на сваім стале, – адзначыў ён. – Хлеб – гэта вялікая ласка Бога і праца людзей, і работнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія сёння тут прысутнічаюць, ведаюць гэта як ніхто іншы. Сардэчна вітаем вас у тым, што прыйшлі ў касцёл са снапамі ў знак падзякі Богу і працаўнікам жніва.




Ксёндз Ян Раманоўскі, прэфект і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, павіншаваў прыхаджан і растлумачыў сакральны сэнс свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі:

– Пакліканнем кожнага з нас, хто жыве на зямлі, з’яўляецца неба, і Найсвяцейшая Панна Марыя ўнебаўзятая кожнаму з нас аб гэтым нагадвае. Няхай наша супольная малітва будзе магчымасцю прасіць Бога, каб за час нашага зямнога існавання гэтай мэты кожны мог дасягнуць. Сёння вы ўсе, урачыста прыбраныя, прыйшлі ў храм з упрыгожанымі садавіной, агароднінай і кветкамі, гэта выдатна. Але не варта забываць, што напрыканцы нашага зямнога шляху мы прыйдзем да Бога з дарамі, вянкамі і букетамі нашых добрых спраў.














Святары і вернікі ўзнеслі малітвы, выказалі падзяку Хрысту і Маці Божай. У знак удзячнасці прыхаджане прынеслі для Ісуса Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці дары: кветкі, садавіну, агародніну, хлябы, віно, снапы з сёлетняга ўраджаю, якія былі асвечаны пасля супольнай малітвы.






























Свята завяршылася хрэсным ходам вакол касцёла і канцэртам хору “Ветэраны ў страі”.







Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае