Кожны год у другую нядзелю жніўня ў Беларусі адзначаецца Дзень будаўніка, прысвечаны ўсім, хто закладвае фундамент нашай будучыні, пераўтварае чарцяжы на паперы ў новыя памяшканні і добраўпарадкаваныя вуліцы. Аб тым, з якімі дасягненнямі падышоў да гэтай даты калектыў упраўлення спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ “Будкомплекс”, расказаў намеснік начальніка ўпраўлення Аляксандр Кійко:

– У капілцы нашай арганізацыі шэраг завершаных аб’ектаў будаўніцтва. Значная доля – рамонты жыллёвага фонду. У гэтым годзе мы скончылі капітальны рамонт з добраўпарадкаваннем тэрыторыі жылога памяшкання ў аграгарадку Раклевічы (РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”), капітальны рамонт шматкватэрнага дома ў Казлоўшчыне. Актыўна занятыя і на добраўпарадкаванні: сёння на стадыі завяршэння мадэрнізацыя дваровай тэрыторыі па вуліцах Снітко, Дзятлаўскай, Чырвонаармейскай у гарпасёлку Наваельня. Плённа папрацавалі па дагаворах з арганізацыямі раёна: па заказе Дзятлаўскага лясгаса ўзвялі дапаможны будынак для размяшчэння пакоя прыёму ежы і адпачынку на тэрыторыі станцыі пагрузкі ў Наваельні; таксама праводзім бягучы рамонт інтэрната, магазіна-сталовай ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”. Заключылі новыя дагаворы па прадаўжэнні добраўпарадкавання ў гарпасёлках Наваельня і Казлоўшчына. Акрамя будаўнічых работ, займаемся вырабам таварнага бетону, цэменту, які рэалізуем арганізацыям і фізічным асобам Дзятлаўскага і суседніх раёнаў. У цэху нестандартных вырабаў ствараем парапеты, карнізы, элементы даху, а таксама нестандартныя вырабы – сметніцы, лаўкі, металічныя вырабы для капітальнага рамонту. Выкарыстоўваем іх на сваіх аб’ектах і прадаём.
– Якія планы на бліжэйшую будучыню?
– Прадоўжым добраўпарадкаванне, будзем працаваць у аграгарадку Гезгалы, у ролі субпадрадчыка прымем удзел у перапланіроўцы нежылога памяшкання пад арэнднае жыллё ў Наваельні. Разам з іншымі ўпраўленнямі ААТ “Будкомплекс” папрацуем на будаўніцтве кацельні ў Навагрудку, таксама ўдзельнічаем у тэндары на будаўнічыя работы ў Лідзе. Цяпер маем у аўтапарку новую грузапасажырскую “ГАЗель”, якая дапамагае ў дастаўцы людзей і матэрыялаў на аб’екты.

– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?
– Найперш хачу выказаць словы ўдзячнасці нашаму калектыву – усім, хто выбраў няпростую, але вельмі патрэбную людзям прафесію будаўніка. Напярэдадні свята хацелася б узгадаць не толькі тых, хто працуе на будаўнічых “франтах”, але і нашых паважаных інжынерна-тэхнічных спецыялістаў – гэта інжынер планава-тэхнічнага аддзела Наталля Пачабыт, вядучы бухгалтар Людміла Паўлючэня, спецыяліст аддзела кадраў Валянціна Клышэйка. Усе мы – адна каманда, і я шчаслівы быць яе часткай. Усім жадаю здароўя, сямейнага дабрабыту, удачы і поспехаў у справах.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА