Беларусаў і расіян аб’ядноўвае многае, у тым ліку культурныя сувязі, глыбокая пашана да гістарычнай памяці. Менавіта пад эгідай 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, патрыятычнага выхавання, ушанавання памяці герояў 12-15 жніўня ў горадзе Масты пройдзе IV з’езд малых гарадоў Гродзенскай вобласці Беларусі і Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Каб павысіць цікавасць да гэтай адметнай падзеі, 7 жніўня ў Шчучыне прайшла прэс-канферэнцыя. Яна сабрала на адной пляцоўцы прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці Прынёмання і вядучых СМІ Ніжняга Ноўгарада.

У якасці спікераў на сустрэчы выступілі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, кіраўнік прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Андрэй Дудкін, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.

– З’езд малых гарадоў – унікальная пляцоўка, якая дазваляе дзяліцца вопытам, – зазначыла Алена Пасюта. – Паміж нашымі рэгіёнамі сапраўды наладжаны добры ўзровень народнай дыпламатыі, якая спрыяе не толькі чалавечым стасункам, але і вызначае праблемы рэгіёнаў, дапамагае пабудаваць вектары іх развіцця на перспектыву. На з’ездзе мы не толькі дзелімся вопытам, але і звяртаем увагу на праблемныя моманты ў развіцці малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Лейтматывам IV з’езду ў Мастах стане, безумоўна, 80-годдзе Вялікай Перамогі, і гэта тэма будзе праходзіць праз пасяджэнне секцый у шасці раёнах Гродзеншчыны.

Асаблівую ўвагу звернем на развіццё кадравага патэнцыялу моладзі на сяле. Кадравая палітыка, якая праводзіцца на Гродзеншчыне, дае пэўны вынік, аднак ёсць і пытанні, што тычацца недахопу кваліфікаваных спецыялістаў, якія жадалі б жыць і працаваць у сельскіх населеных пунктах.
З моладдзю мы абмяркуем, што яшчэ варта зрабіць, каб жыццё ў раёнах было больш прывабным.
Алена Пасюта анансавала, што работа IV форуму будзе арганізавана па чатырох напрамках: мясцовае кіраванне і самакіраванне, развіццё аграпрамысловага комплексу, эканоміка, турызм і моладзевая палітыка, таксама ўвага будзе скіравана на супрацоўніцтва моладзевых парламентаў двух бакоў. Акрамя Мастоў, расійскіх гасцей прымуць усе раёны-ўдзельнікі партнёрскага альянсу, які выступае суарганізатарам з’езду: Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Свіслацкі, Слонімскі, Шчучынскі раёны.

Даведка
Партнёрскі альянс раёнаў Гродзенскай вобласці па ўстойлівым развіцці быў створаны ў 2021 годзе для цеснага ўзаемадзеяння ў мэтах паспяховага развіцця патэнцыялаў кожнага ўдзельніка і пошуку партнёраў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Адзін з яго кірункаў – узаемадзеянне з муніцыпальнымі ўтварэннямі Ніжагародскай вобласці. Упершыню з’езд малых гарадоў двух рэгіёнаў прайшоў у гарадскім пасёлку Вача Ніжагародскай вобласці. Тады адбылася выстава-кірмаш, дзе прадставілі сваю прадукцыю беларускія прадпрыемствы і было прынята рашэнне праводзіць з’езды штогод па чарзе ў Расіі і Беларусі. Сустрэчы ўжо праходзілі ў беларускай Зэльве і расійскім Сямёнаве, цяпер гасцей прымуць Масты.
– Унікальнасць з’езду ў тым, што асноўныя мерапрыемствы праходзяць у міжз’ездаўскі перыяд, а з’езд – гэта падвядзенне вынікаў за год і пастаноўка новых задач, – падкрэсліў Андрэй Дудкін. – Справа ў тым, што мы не прыйшлі ад эканомікі ў культуру, сам форум нарадзіўся ад таго, што мы пачалі актыўна працаваць з Гродзенскай вобласцю ў культурна-гуманітарнай сферы, і гэта нас падштурхнула ўжо да ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічных адносінах. У гэтым годзе ў нас вельмі вялікая дэлегацыя Навагародчыны – едзе дваццаць рэгіёнаў. Таму вельмі важна, каб лепшы вопыт, які ўбачым на Гродзеншчыне, укараняўся ў нас. У сваю чаргу, дзякуючы ўзаемадзеянню, мы далі сур’ёзны штуршок у аграрнай і прамысловай сферах, з’яўляюцца сур’ёзныя праекты. Яшчэ важна, каб пачала планава працаваць турыстычная галіна, і тут вельмі значную ролю іграюць сродкі масавай інфармацыі. Журналістам з цікавасцю, з прафесіяналізмам трэба расказваць пра свае тэрыторыі, узбуджаць у людзей інтарэс, каб турстычнай галіне было лягчэй арганізоўваць паездкі. З’езд якраз унікальная пляцоўка, якая аб’ядноўвае ў сабе ўсё: муніцыпальныя і дэпутацкія стасункі, эканоміку, прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, патрыётыку, моладзевую палітыку, турызм, народныя мастацкія промыслы. Вельмі важна паказваць нашу адзіную гісторыю, нашу адзіную славянскую культуру, і ў гэтым сэнсе для абедзвюх краін важны год 80-годдзя Вялікай Перамогі, за якую ўсе савецкія народы сталі адзіным фронтам на абарону сваёй Радзімы.

У час прэс-канферэнцыі журналісты змаглі задаць спікерам свае пытанні і атрымалі на іх адказы. Былі ўзняты тэмы добраўпарадкавання, медыцынскага абслугоўвання, развіцця турызму, папулярызацыі рэгіёнаў, узаемадзеяння паміж сродкамі масавай інфармацыі абедзвюх краін, паставак беларускай прадукцыі, сістэмы сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае