Графіці, прысвечанае работнікам лесу, намалявана на тарцы пяціпавярховага дома № 8 па вуліцы Навагрудскай.

Аб ідэі і яе рэалізацыі расказаў дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко:

– Аўтарам праекта выступіла Міністэрства лясной гаспадаркі, па ініцыятыве якога да канца года ў Беларусі з’явіцца больш за 100 муралаў на лесаахоўную тэматыку і тэму лясных прафесій. Напрыклад, ключавой фігурай дзятлаўскага палатна стаў вобраз ляснічага, на чыіх плячах трымаюцца асноўныя функцыі, якія выконваюцца работнікамі лясной галіны. Нездарма мурал мае подпіс: “Мы служым лесу, каб ён служыў людзям”. Сімвалічна для Дзятлаўшчыны, што побач з прафесіяналам сваёй справы па лясной сцяжыне ідзе юная памочніца, удзельніца дашкольнага або школьнага лясніцтва, якія ёсць і эфектыўна працуюць у нашым раёне.
Сяргей Віктаравіч расказаў, што заказчыкам работ выступіў Дзятлаўскі лясгас, з мастаком-прафесіяналам з Гродна быў заключаны дагавор, сума якога склала 8,5 тысячы рублёў. Нягледзячы на нестабільныя ўмовы надвор’я, работа скончана ў вызначаны тэрмін, выканана надзейна – яркімі атмасфераўстойлівымі фарбамі. І ўжо хутка мурал будзе ўрачыста адкрыты, хоць ужо цяпер радуе дзятлаўчан.

Месца для новага аб’екта мастацтва ў горадзе было вызначала аддзелам архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама і атрымалася вельмі выгадным: малюнак добра відаць не толькі самім жыхарам мікрараёна, але і ўсім, хто праязджае праз Дзятлава па аўтадарозе.

Сам мастак-графіціст Максім Карповіч адзначыў, што Дзятлава спадабалася яму краявідамі і людзьмі, а таксама расказаў пра сваю работу:

– Займаюся мураламі ўжо на працягу васьмі гадоў. Гэта тэма цяпер вельмі папулярная сярод дзяржаўных прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый. За апошнія гады мы выконвалі заказы ад гаргазаў, МНС, БРСМ. У Год добраўпарадкавання працуем з тэматыкай лясной гаспадаркі. Такі малюнак будзе паўтарацца ў многіх раёнах Беларусі, аднак у кожным убачыце руку майстра, якая намалюе яе па-свойму.

– Ці спадабалася вам у Дзятлаве?
– Цудоўны горад! У мікрараёне, дзе мы працавалі, шмат дзяцей і падлеткаў, якія пасля школы актыўна бавілі час на вуліцы, за рыбалкай на возеры побач, дзе, дарэчы, вельмі прыгожа. І мы аднаго дня ў час перапынку не ўтрымаліся і павудзілі рыбу тут – нават злавілі некалькі. Я рады, што наш мурал будзе доўгія гады радаваць мясцовых жыхароў.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина