На Дзятлаўскім раённым фестывалі фальклору «Вянок творчасці народнай» працавала выстава твораў рамесніцтва, якую прадставілі майстры-ўмельцы Дзятлаўшчыны.
Яны расказвалі гасцям свята аб сваім занятку, праводзілі бяспройгрышную латарэю і нават давалі майстар-класы.
Таццяна Загорцава
Работніца Наваельнянскага дома культуры. Майстрыха займаецца вышыўкай крыжыкам, гладдзю, пляце з бісеру. Акрамя таго, захапляецца саломапляценнем і складаннем саламяных аплікацый. Жанчына кажа, што занятак вышыўкай перадаўся ёй «у спадчыну» ад мамы і сястры — з дзяцінства вышывала сурвэткі, а са старэйшых класаў — ручнікі і карціны. Саломапляценню жанчына навучылася на курсах павышэння кваліфікацыі. Новыя ідэі майстрыха бярэ з навакольнага свету, натхненне — з усяго, што заўважае вакол сябе.
Ганна Абрамава
Загадчыца раённага сектара рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, што размяшчаецца ў аграгарадку Гезгалы. Жанчына каля 10 гадоў займаецца вышыўкай, стварае лялькі-абярэгі з тэкстылю, робіць кветкі з фоамірану на галаўныя ўпрыгажэнні, пляце з паперы і з бісеру. Майстэрства рукадзелля ёй перадала бабуля Ганна Данілаўна Захарэвіч, астатняе — знайшла ў Інтэрнэце. Больш за ўсё майстрыха любіць ствараць кветкі з фоамірану, эскізы якіх бяруцца проста з жывой прыроды, а таксама лялькі, кожная з якіх мае свой характар, іх не бывае дзвюх аднолькавых.
Марына Лотыш
Працуе ў раённым сектары рамёстваў у Гезгалах. Галоўным яе захапленнем з’яўляецца вязанне кручком, якому жанчыну навучыла бабуля Ульяна Елісееўна Егунько. Майстрыха вяжа ажурныя сурвэткі, каўняры, падвоі на ложкі. Творчыя ідэі да яе часта прыходзяць у час прагляду кінастужак пра мінулыя часы. Тады жанчына спыняе кадр і «фатаграфуе» ўзор вязанага вырабу, які яе натхніў.
Ларыса Ненартовіч
Настаўніца выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання Гезгалаўскай сярэдняй школы і неабыякавы да беларускіх народных традыцый чалавек. Ларыса Васільеўна валодае майстэрствам ткацтва на дошчачках, якому навучылася ў курсе вышэйшай спецыяльнай адукацыі, якую атрымлівала ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Настаўніца вучыць ткацтву старшакласніц у Гезгалаўскай школе, і тыя з задавальненнем самі сабе плятуць дэкаратыўныя паясы і рамяні для палатняных сумак. Адзін з праектаў, які майстрыха збіраецца рэалізаваць у будучым, – стварэнне калекцыі аўтэнтычных беларускіх паясоў па старадаўніх узорах. Праўда, па яе словах, ствараць калекцыю давядзецца не з традыцыйна беларускіх шарсцяных нітак (іх не шкадуе час і моль), а з сучасных – мулінэ, ірыс. Узоры ж застануцца традыцыйныя.
Алена Шалесная
Народны майстар па пляценні з лазы. Займаецца творчасцю не так даўно, два з паловай гады. Калісьці ўбачыла ў інтэрнэце, што можна ствараць вырабы з папяровых трубачак. Паспрабавала, атрымалася. А потым прыйшло разуменне, што хочацца працаваць менавіта з жывым прыродным матэрыялам – з лазой. Разам з мужам асвоілі новы занятак зноў жа праз Інтэрнэт па методыцы братоў Каваленкаў. Муж дапамагае майстрысе нарыхтоўваць матэрыял, удзельнічае і ў стварэнні вырабаў. Сям’я Шалесных пляце з лазы дэкаратыўныя кошыкі: на іх попыт лепшы. Але здараюцца і індывідуальныя цікавыя замовы, да прыкладу, абажуры і іншыя рэчы.
Алена Турчэнік
Педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Жанчына не толькі стварае прыгажосць сама, але і вучыць майстэрству школьнікаў. Гурток “Выцінанка” пад яе кіраўніцтвам наведваюць вучні 1-7 класаў. Пры гэтым дзеці вучацца маляваць, самі прыдумваюць узоры будучай выцінанкі для каляндарных і абрадавых святаў. Захапленне выцінанкай для Алены Генрыхаўны пачалося з курсаў павышэння кваліфікацыі, дзе паказвалі, як перагінаць паперу і вырэзваць сіметрычныя фігуркі. Пазней гэтыя ідэі сталі абрастаць новымі вобразамі, з’явіліся цэлыя карціны і нават трыпціхі ў тэхніцы выцінанкі. Па словах Алены Генрыхаўны, сёння яны з дзецьмі ўключаюць у свае творы нават выявы людзей, хаця цэнтральным матывам застаецца традыцыйнае беларускае Дрэва жыцця.
Гутарыла Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК