На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледзелі пытанні аб выніках работы ў ацяпляльны перыяд мінулага года, задачах па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага перыяду і аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскага раёна за першы квартал бягучага года. Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандра Садаўнічага, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага.







У сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік адзначыў, што мінулагодні ацяпляльны перыяд на тэрыторыі раёна прайшоў без парушэнняў і адхіленняў у рабоце асноўнага і дапаможнага цеплатэхнічнага абсталявання, сетак цепла-, водазабеспячэння і каналізацыі. Для ліквідацыі зімовай слізкасці дарожныя арганізацыі былі ўкамплектаваны неабходнай колькасцю тэхнікі. Перабояў у забеспячэнні палівам цеплакрыніц зафіксавана не было.

На пасяджэнні быў зацверджаны састаў раённай камісіі па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых, прафілактычных і рамонтных работ, нарыхтоўцы неабходных запасаў паліва да новага ацяпляльнага перыяду; мерапрыемствы па падрыхтоўцы аб’ектаў Дзятлаўскага раёна і графікі рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і ведамасных цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд 2025-2026 года.
Што датычыцца вынікаў развіцця сацыяльна-эканамічнай сферы, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адзначыў, што за першы квартал у раёне забяспечана выкананне практычна ўсіх мэтавых паказчыкаў.
Напрыклад, па інвестыцыях у асноўны капітал (139,5 % да адпаведнага перыяду 2024 года пры прагнозе 102,9 %), тэмпе росту намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы, удзельнай вазе працаўладкаваных грамадзян, індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў прадстаўнікоў (103,8 % пры заданні 101,9 %), вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі (107,4 % пры заданні 101,4 %), рознічным тавараабароце гандлю праз усе каналы рэалізацыі (106,1 % пры заданні 102,7 %), аб’ёме будаўніча-мантажных работ (219,7 % пры заданні 101,2 %), аб’ёме эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў (159,4 тоны ўмоўнага паліва пры заданні 117,0 т у. п.). Не выкананы толькі два паказчыкі: па груза- і пасажыраабароце.


Як патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, гэта тэма яшчэ не закрыта ў рамках статыстычнага ўліку.
Увогуле, за студзень-сакавік 2025 года ў сельскай гаспадарцы выраблена валавой прадукцыі на суму 28,0 мільёна рублёў. Тэмп росту склаў 107,4 % пры заданні 101,4 %. Усімі сельскагаспадарчымі арганізацыямі забяспечаны рост вытворчасці валавой прадукцыі звыш 100 %, за выключэннем ААТ “Дварэц-Агра” і КСУП “Жукоўшчына”. Тэмп росту валавой прадукцыі галіны жывёлагадоўлі склаў 107,4 %, у тым ліку вытворчасці малака – 104,5 %, прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы – 103,9 %, прадукцыі вырошчвання свіней –165,2 %.

За першы квартал выраблена 19 687,3 тоны малака, што на 4,5 % вышэй за аналагічны перыяд 2024 года. Надой на адну карову склаў 1817 кілаграмаў. Рэалізавана 18 140,5 тоны малака. Найбольшы працэнт росту вытворчасці малака дасягнуты ў ТАА “РоданАгра” – 117,8 %, ААТ “Граніт-Агра” – 115,6 %. Палепшаны якасныя паказчыкі рэалізаванага малака. Гатункам “Экстра” і вышэйшым гатункам рэалізавана 94,4 %.
Па стане на 1 красавіка пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 83 галавы, у тым ліку кароў малочнага статка на 59 галоў. Найбольшую прыбаўку па колькасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы да студзеня-сакавіка 2024 года забяспечылі ААТ “Граніт-Агра” (на 289 галоў) і КСУП “Войневічы” (на 148 галоў).
За аналізуемы перыяд сельскагаспадарчымі арганізацыямі дапушчана павелічэнне падзяжу буйной рагатай жывёлы на 89 галоў да студзеня-сакавіка 2024 года. Павелічэнне дапушчана ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях, за выключэннем ТАА “РоданАграПол”.
На гэтым акцэнтаваў увагу кіраўнікоў гаспадарак Аляксандр Садаўнічы.
– Сітуацыя мяняецца ў станоўчы бок. У раёне ў маі ўжо назіраецца зніжэнне падзяжоў, узмоцнены кантроль за выканаўчай дысцыплінай работнікаў прадпрыемстваў – тут была важная недапрацоўка. Мы летась былі на высокім месцы ў вобласці па захаванасці статка буйной рагатай жывёлы, будзем і ў бягучым утрымліваць годную пазіцыю. У гаспадарках раёна выконваецца культура і тэхналогія ўзнаўлення статка, трымаем сітуацыю на кантролі, – патлумачыў першы намеснік старшыні райвыканкама Віталій Шулейка.
Адзначаецца станоўчая дынаміка па фінансавых паказчыках работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна, у першым квартале забяспечана прыбытковая работа.
Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 103,8 % пры заданні 101,9 %. Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” (104,8 % пры плане 99,7 %), ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” (101,7 % пры плане 100,4 %), ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” (113,3 % пры плане 100,2 %).

На пасяджэнні былі заслуханы тлумачэнні кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія з гэтым паказчыкам “не справіліся”. Дарэчы, усе прычыны – аб’ектыўныя, тэма знаходзіцца на кантролі.
За студзень-сакавік па Дзятлаўскім раёне прыцягнута 27 326,0 тыс. рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Тэмп росту складае 139,5 % у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду мінулага года пры мэтавым паказчыку 102,9 %.
Колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы Дзятлаўскага раёна за студзень-сакавік 2025 года, склала 9671 чалавек. За вызначаны перыяд у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці прадпрыемствы раёна не працавалі.
За першы квартал у цэлым па раёне атрымана 22,9 мільёна рублёў чыстага прыбытку, 263,3 % да гэтага ж перыяду 2024 года.
Напрыканцы пасяджэння Аляксандр Садаўнічы выказаў сваё ўражанне наконт агульных поспехаў раёна. Адзначыў, што ўпершыню прысутнічаў на падвядзенні вынікаў, дзе кіраўнікі прадпрыемстваў трымаюць справаздачу не за тое, што не выканалі пастаўленыя задачы, а за тое, чаму перавыканалі толькі на пяць працэнтаў.
– Увогуле, па выніках першага квартала Дзятлаўскі раён спрацаваў вельмі паспяхова, практычна ўсе мэтавыя паказчыкі выкананы. Ідзе сур’ёзны рост заработнай платы. Годна спрацавалі па занятасці насельніцтва. Паказчык па прыцягненні інвестыцый і даведзеныя заданні ў сацыяльнай сферы выконваюцца. Што ж тычыцца добраўпарадкавання, то нават не трэба звяртацца да статыстыкі, дастаткова праехаць па Дзятлаўшчыне і паглядзець, як пераўтварыўся горад і раён, – падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч.
Станоўча адзначыў намесніка старшыні райвыканкама Вольгу Жэлезоўскую за дэталёвы даклад і глыбокае веданне ўсіх надзённых пытанняў сацыяльна-эканамічнай галіны.
Падзякаваў кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму за выніковую работу і падкрэсліў, што адчуваеш задавальненне, калі бачыш, што ў нашай краіне ёсць раёны, дзе ўсё складваецца паспяхова.
Ірына КАМАРОВА
Фота Ірыны СТЫРНІК