У жыцці любога чалавека могуць скласціся абставіны, з якімі не заўжды справішся ўласнымі сіламі. У такіх выпадках грамадзянін мае права на атрыманне матэрыяльнай падтрымкі ад дзяржавы.

Сабраць усё неабходнае да новага навучальнага года – фінансава затратна, асабліва калі дзяцей у сям’і некалькі. Каму дзяржава “падставіць плячо”, расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Чарняк:

– Кожная сям’я можа скарыстацца правам звароту па дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу (ДАСД), аднак права на яе атрыманне маюць толькі тыя грамадзяне або сем’і, у якіх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь за два апошнія кварталы (далей – крытэрый патрэбы).

З 1 жніўня па 31 кастрычніка 2026 года крытэрый патрэбы складае 530,37 рубля для грамадзян і сем’яў з адным або двума дзецьмі. Шматдзетным сем’ям ДАСД у выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі прадастаўляецца пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш за 1,15 велічыні крытэрыя патрэбы – 609,93 рубля. Права на ДАСД у выглядзе аднаразовай сацыяльнай дапамогі маюць грамадзяне і сем’і, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, што аб’ектыўна парушыла іх нармальную жыццядзейнасць, калі іх сярэднедушавы даход не перавышае 1,5 велічыні крытэрыя патрэбы – 795,56 рубля.   

Памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі на аднаго члена сям’і (грамадзяніна) складае станоўчую розніцу паміж крытэрыем патрэбы і сярэднім даходам сям’і (грамадзяніна). У якім выглядзе і памеры (ад аднаго да 12 месяцаў для шматдзетных сем’яў, іншым сем’ям – ад аднаго да 6 месяцаў) яна будзе прадастаўлена, рашае камісія ў індывідуальным парадку.

ДАСД у выглядзе штомесячнай і аднаразовай (у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй) сацыяльных дапамог не могуць атрымаць грамадзяне, якія:

  • працаздольныя, але не працуюць і не зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных;
  • праходзяць тэрміновую ваенную службу;
  • вучацца ў спецыяльных установах па ваенных спецыяльнасцях;
  • адбываюць пакаранне ў выглядзе пажыццёвага заключэння, пазбаўлення волі, арышту, абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу;
  • аплачваюць расходы па ўтрыманні дзяцей;
  • знаходзяцца на прымусовым лячэнні;
  • знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні,
  • у некаторых іншых выпадках.

Па дадатковую інфармацыю аб атрыманні дзяржаўнай падтрымкі можна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на адрас: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56 або па тэлефоне 3-03-20.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Предыдущая новость

Следующая новость

Похожие публикации