Летні турыстычны сезон-2025 на Дзятлаўшчыне, як і па ўсёй Беларусі, адкрые рэспубліканская акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”. Бясплатна яна азнаёміць удзельнікаў з музеямі, санаторыямі, аграсядзібамі, іншымі аб’ектамі турызму, якіх больш за тысячу па ўсёй краіне.
Зацікавіліся? Далучайцеся: акцыя пройдзе з 2 па 8 чэрвеня.
Больш падрабязна пра яе расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:

– На Дзятлаўшчыне ўдзел у акцыі прыме 31 аб’ект турызму. Сярод іх раённыя турінфацэнтр, фізкультурна-спартыўны клуб, гісторыка-краязнаўчы музей, Дзятлаўскі лясгас, РАНС, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, Дварэцкі дом культуры, сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва, сямнаццаць музеяў установаў адукацыі.
Запланаваны мерапрыемствы розных фарматаў: ад экскурсій і вандровак з аўдыёгідам да майстар-класаў, дзён адчыненых дзвярэй, інтэрактыўных пляцовак.
Акцыя яшчэ не пачалася, а жадаючыя паўдзельнічаць у ёй ужо з’явіліся. Напрыклад, дэлегацыя з Лідчыны выказала жаданне на дзень адчыненых дзвярэй трапіць у санаторый “Радон” і павандраваць з аўдыёгідам па вуліцах Дзятлава, падобны запыт атрымалі і ад шчучынцаў, якіх цікавіць экскурсія з аўдыёгідам і дзень адчыненых дзвярэй у “Альфа Радоне”.
Паколькі старт акцыі супадае з пачаткам летніх канікулаў, то ў непаўналетніх ёсць магчымасць правесці першы тыдзень адпачынку займальна і пазнавальна, і ўсё гэта бясплатна з багатым выбарам.
Акрамя музеяў і майстар-класаў, можна азнаёміцца з вытворчым працэсам арганізацый раёна, пабываць у санаторыях, лясгасе, дзе абавязкова прапануюць новы маршрут “Зялёнымі сцежкамі Ліпічанскай пушчы”. Жадаючыя навучыцца майстраваць абярэгі змогуць гэта зрабіць на майстар-класах Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а з фізкультурна-спартыўным клубам можна будзе арганізаваць кароткія сплавы на байдарках і сапбордах на гарадскім пляжы. Тых, хто марыць спасцігнуць таямніцы “Дзятлаўшчыны незвычайнай”, чакаюць у турінфацэнтры, а на культавых аб’ектах раёна пройдзе акцыя “Пра што раскажа храм”. Не менш цікавыя праграмы прапануюць музеі ўстановаў адукацыі.
Рэгістрацыя суб’ектаў турызму-ўдзельнікаў акцыі завершана, азнаёміцца з імі можна на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме. У спісе – суб’екты з усёй Беларусі, і наведаць можна як мерапрыемствы, запланаваныя на Дзятлаўшчыне, так і ў любым куточку краіны. З тым, што мяркуецца правесці ў нашым раёне, знаёмцеся на сайце райвыканкама па спасылках: https//dyatlovo.gov.by/ru/tur inf-ru/ і https//dyatlovo.gov.by/ru/vandruj-adchuj-natxnjajsja-ru. Дадаткова будзе ажыццяўляцца інфармаванне пра кожны дзень акцыі ў сацыяльных сетках Facebook, Instagram, Telegram, visit_dyatlovo.
Вандруйце, адчувайце, натхняйцеся, пашырайце свой кругагляд, яшчэ больш даведвайцеся пра наш раён і Радзіму!
Па кансультацыі можна звяртацца ў Дзятлаўскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр на нумар 3-25-58.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#туризм #Дятловщина