15 мая на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, абласная група на чале з першым намеснікам начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Аленай Майсак выступіла перад калектывам сацыяльнага пансіяната “Колас”, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – перад жыхарамі Новаяльнянскага сельсавета, таксама працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама.

Сярод тэмаў для абмеркавання была “Здаровая нацыя як аснова развіцця Беларусі”. У нашай краіне ахова здароўя – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, і кожны грамадзянін, незалежна ад узроўню даходаў і сацыяльнага статусу, можа бясплатна атрымаць любы від медыцынскай дапамогі, у тым ліку самай высокатэхналагічнай. Мы адна з нямногіх постсавецкіх і еўрапейскіх дзяржаў, якая захавала і адаптавала да сацыяльна-эканамічных умоваў бюджэтную сістэму фінансавання, а агульныя затраты на ахову здароўя складаюць 5 % ад унутранага валавога прадукта. Працуе разгалінаваная сетка ўстановаў, дзе грамадзяне, нават з сельскай маланаселенай мясцовасці, аператыўна атрымліваюць медыцынскую дапамогу.

Так, на Дзятлаўшчыне з гэтага года паслугі аказвае мабільны ФАП, а цяпер яшчэ атрымана ліцэнзія і на перасоўны гандаль безрэцэптурнымі медыкаментамі, які будзе ажыццяўляцца яго спецыялістамі ўжо з лета. Фармацэўтычнай галіной забяспечваецца поўны спектр айчынных лекавых прэпаратаў і вырабаў, доступ да імпартных лекаў, аднак доля беларускіх на ўнутраным рынку складае не менш за 50 %. Для захавання даступнасці медыцынскай дапамогі цэны на паслугі, нават у камерцыйных клініках, рэгулююцца дзяржавай. З улікам усяго гэтага Беларусь становіцца папулярнай для медыцынскага турызму, прычым прываблівае не толькі цана, але і якасць. У Дзятлаўскай ЦРБ толькі за І квартал 2025 года план па аказанні платных паслугаў іншаземцам выкананы на 425 %. Разам з тым, людзі і самі павінны адказна адносіцца да здароўя. На сёння доля беларусаў, якія займаюцца спортам і рознымі відамі фізічнай актыўнасці, складае больш за 30 %. У краіне, і Дзятлаўшчына не выключэнне, рэалізуецца праект “Здаровыя гарады і пасёлкі”, развіваецца турызм, санаторна-курортнае лячэнне. Дзве папулярныя не толькі ў Беларусі, але і сярод іншаземцаў здраўніцы “Радон” і “Альфа Радон” паспяхова працуюць у нашым раёне. Дзяржавай прадоўжаны курс на арганізацыю камфортнага і здаровага асяроддзя жыццядзейнасці: беларуская сталіца поўнасцю перайшла на артэзіянскае водазабеспячэнне, сістэматычныя маніторынгі паказваюць чысціню паветра, у нас вырабляюцца якасныя і натуральныя прадукты, а па азеляненні Беларусь знаходзіцца на 32 пазіцыі ў свеце. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на пачатаку 2025 года 93,5 % беларусаў ацэньвалі сваё здароўе як добрае ці здавальняючае, што сведчыць пра вынік комплекснага падыходу дзяржавы і саміх людзей.

– Сістэма аховы здароўя Дзятлаўшчыны прадстаўлена цэнтральнай раённай бальніцай і паліклінікай, – дапоўніў тэму старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, – працуюць таксама дзве гарпасялковыя бальніцы і паліклінікі, чатыры амбулаторыі, пятнаццаць ФАПаў і бальніца сястрынскага догляду, дзе заняты каля шасцісот работнікаў, больш за 70 з якіх – дактары. Кожная медустанова аказвае свой від дапамогі, для больш вузкай, спецыялізаванай, тэхналагічнай пацыентаў накіроўваюць у міжраённыя цэнтры, а таксама ва ўніверсітэцкую клініку горада Гродна.







– Усе мы хочам, каб у калектывах працавалі здаровыя работнікі, тады будуць і адпаведныя вынікі, – падрахункавала выступленні Алена Майсак. – У спецыялістаў пансіяната “Колас” нялёгкая работа, бо клопат пра пажылых людзей і інвалідаў – тытанічная праца, аднак, пабываўшы тут упершыню, я ўбачыла прыгожую тэрыторыю, дастойныя ўмовы пражывання для пацыентаў, што яшчэ раз пацвярджае ўзровень аказваемых у нашай краіне паслугаў. Была разгледжана і яшчэ адна важная тэма, якая тычыцца здароўя нацыі – аб негатыўных наступствах курэння, прычым не толькі пры ўжыванні “класічных” тытунёвых вырабаў, але і пры выкарыстанні электронных цыгарэт, асабліва моладдзю.



Пагаварылі таксама пра сямейнае выхаванне як аснову моцнай дзяржавы і шырокую сістэму мераў, якой вызначаецца Беларусь для падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Закранулі актуальную напярэдадні канікулаў тэму бяспекі непаўналетніх у час летняга адпачынку, нагадалі правілі паводзінаў каля вады, расказалі, якія наступствы чакаюць за развядзенне вогнішча ў забароненых месцах, палы сухой расліннасці, разгледзелі праблему лясных і тарфяных пажараў. Напрыканцы было адзначана, што толькі сумленныя і асцярожныя паводзіны могуць засцерагчы ад бяды, а навучыць ім дзяцей можна самастойна, скарыстаўшыся інфармацыяй сайта МНС або наведаўшы разам з імі цэнтры бяспекі ведамства.
Удзельнікі Адзінага дня інфармавання паглядзелі відэастужку “Цені. Цана тэрору” пра тое, хто спансіраваў экстрэмістаў і што пагражае за фінансаванне дзяржперавароту.














Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ЕДИ #здоровье #семья