11 мая наша краіна адзначае Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
З нагоды свята ў Дзятлаве на плошчы 17 Верасня адбыўся мітынг з рытуалам урачыстага ўзняцця Дзяржаўнага сцяга. Удзел у ім прымалі прадстаўнікі ўлады, дэпутацкага корпусу, сілавых структур, ваеннага камісарыята, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, установаў адукацыі.
















Свята пачалося з урачыстага вынасу вялікага палотнішча Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Пачэснае права ўзняць Дзяржаўны сцяг і сцяг Дзятлаўскага раёна на штандартах пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена навучэнцы педагагічнай групы, пераможцы рэспубліканскага праекта “Урокі ўстойлівага развіцця”, прызёру абласнога фестывалю-конкурсу “Таленты Прынямоння” Анастасіі Янкевіч, прызёру трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, паўфіналісту рэспубліканскай алімпіяды “Феміда-2025” Дзмітрыю Ранцэвічу, а таксама занесеным на раённую Дошку гонару за дасягненні высокіх вынікаў працоўнай, сацыяльна-эканамічнай, вытворчай, дзяржаўнай, сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці начальніку Дзятлаўскага РАНС Сяргею Казушчыку, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Марыі Шавель.










– Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўных сімвалаў, – павітаў прысутных ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. – 30 гадоў таму беларускі народ выбраў сапраўдныя сімвалы, захаваў гістарычную справядлівасць і намеціў шлях мірнага і стваральнага развіцця Беларусі. Ад імя райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, раённага камісарыята віншую вас з гэтым святам, жадаю міру, дабрабыту, здароўя, поспехаў на карысць і дзеля працвітання Рэспублікі Беларусь.
Па добрай традыцыі ў час свята клятву вернасці дзяржаўным сімвалам ад імя маладога пакалення далі навучэнцы дзявятага класа гімназіі № 1 горада Дзятлава. Яны паабяцалі берагчы і шанаваць сімвалы, традыцыі і гісторыю нашай Айчыны, памнажаць духоўнае багацце і культурныя традыцыі народа, свята прытрымлівацца Канстытуцыі.

Яркімі момантамі ўрачыстасці сталі дынамічнае сцяг-шоу і песня ад пераможцы раённага фестывалю дзіцячай эстраднай творчасці “Шлях да поспеху” Аляксандры Міклаш.




У рамках мітынгу адбылася ўрачыстая цырымонія развітання з піянерскім гальштукам і ўступлення ў рады раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.






Завяршыўся мітынг ушанаваннем памяці воінаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія падарылі беларусам мір і свабоду. Моладзь і дарослыя ўсклалі кветкі да мемарыяла Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку.














Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#флаг #герб #гимн #символы