У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы прайшоў міжведамасны семінар, на якім абмеркавалі арганізацыю ўзаемадзеяння адказных службаў раёна па прафілактыцы сямейнага недабрабыту і гвалту ў адносінах да непаўналетніх.
Мерапрыемства было ініцыявана аддзелам адукацыі райвыканкама і сацыяльна-педагагічным цэнтрам горада Дзятлава. Удзел у ім прымалі сацыяльныя педагогі, намеснікі кіраўнікоў установаў адукацыі па выхаваўчай, вучэбна-выхаваўчай рабоце, намеснікі загадчыкаў установаў дашкольнай адукацыі па асноўнай дзейнасці. Мэтай семінара было ўдасканаленне міжведамаснага ўзаемадзеяння для своечасовага выяўлення і прафілактыкі выпадкаў гвалту ў дачыненні да непаўналетніх, аказання ім медыка-псіхалагічнай, сацыяльна-прававой дапамогі, забеспячэння бяспекі жыцця.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская акцэнтавала ўвагу прысутных на актуальнасці тэмы, паколькі адной з галоўных мэт установаў адукацыі якраз і з’яўляецца абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Яна абазначыла асноўныя праблемы і шляхі ўдасканалення пры выяўленні неспрыяльнай для непаўналетніх абстаноўкі, прафілактыцы гвалту.
Доктар псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Барыс Отчык спыніўся на арганізацыі дзейнасці па аказанні наркалагічнай і псіхіятрычнай дапамогі асобам, якія маюць на выхаванні непаўналетніх дзяцей, і ўзаемадзеянні службаў пры прафілактыцы сямейнага недабрабыту.


Аб прыняцці праваахоўнікамі сістэмных мераў індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў і прэвентыўнага ўздзеяння да грамадзян, якія ўчыняюць хатні гвалт, расказала інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Арына Грыб.
Псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Алена Макоўская патлумачыла асаблівасці работы з ахвярамі хатняга гвалту і расказала аб функцыянаванні крызіснага пакоя.

Якія змяненні адбыліся ў заканадаўстве ў частцы прызнання дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы і маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, нагадала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан.
Напрыканцы семінара дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч спынілася на арганізацыі ў нашым раёне дзейнасці па аказанні сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных рэсурсаў.
Іна НІЧЫПАРОВІЧ,
сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga