Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі адбылося апошняе ў гэтым годзе пасяджэнне міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры Дзятлаўскім райвыканкаме.
Як на Дзятлаўшчыне сёлета развіваўся турызм і якія напрамкі ў рабоце сферы будуць у прыярытэце ў наступным годзе, расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. Адзначыла, што дзейнасць была скіравана на выкананне задач, пастаўленых вышэй стаячымі органамі, патрабаванняў дзяржпраграмы “Беларусь гасцінная”, укараненне ў практыку работы стратэгіі развіцця турызму на Дзятлаўшчыне на 2024-2025 гады. Ладзіліся пасяджэнні каардынацыйнага савета, у тым ліку практыкаарыентаванае выязное на базе Новаяльнянскага сельсавета: у гарпасёлку мяркуецца развіваць інфраструктуру, устанавіць навігацыю, укараніць новыя віды паслуг.
Для папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу і рэалізацыі падпраграмы-2 “Маркетынг турпаслуг” асвоена больш за 11 тысяч рублёў, якія былі патрачаны на выраб паліграфічнай і сувенірнай прадукцыі, інфармацыйных стэндаў, удзел у выставе “Адпачынак-2024”, правядзенне ў раёне рэспубліканскага галіновага семінару, сфера была прадстаўлена і на фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Новаўвядзеннем года стала тое, што кожны месяц прысвячаўся пэўнаму віду турызму, гэта практыка застанецца і ў 2025 годзе. Раён прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”: адбылося 30 мерапрыемстваў для 673 чалавек, што вышэй за мінулагодні паказчык. Сваю нішу ў развіцці турызму на Дзятлаўшчыне заняў Дзятлаўскі ТІЦ, які выконвае інфармацыйную, кансультацыйную, каардынацыйную функцыі і прапаноўвае кліентам комплексны турыстычны прадукт. Вялікая ўвага нададзена брэндзіраванню, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, дзе раён прадстаўлены пад брэндам Visit Dyatlovo. Выпушчана сувенірная і паліграфічная прадукцыя з пазнавальнымі лагатыпамі. Работа дазволіла да 3350 павысіць колькасць падпісчыкаў ва ўсіх сацсетках. Паспяховай была экскурсійная дзейнасць: за год прайшлі 82 экскурсіі для 1585 чалавек. Сярод маршрутаў самы запатрабаваны “Знаёмцеся – Дзятлава”, становяцца папулярнымі “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы”. Сярод актыўных відаў часцей заказваюць сплавы на байдарках, экаквэст “Ключы Бабулі Зімы”, папулярны паляўнічы турызм. Несумненнымі лідарамі аздараўленчага кірунку ў раёне і вобласці застаюцца санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, якія робяць важкі ўклад у экспарт паслуг на Гродзеншчыне. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшла акцыя “Дзятлаўшчына гераічная”, з’явіліся маршруты “Па слядах герояў”, “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Халакост на Дзятлаўшчыне”, анімацыйныя праграмы. Напрамак быў прадстаўлены на прэс-канферэнцыі ў рамках міжнароднага вясновага кірмашу турпаслуг “Адпачынак-2024”. Па іншых кірунках праведзена работа ў рэкрацыйнай зоне заказніка Ліпічанская пушча, вызначаны шлях экамаршрута “Зялёнымі сцежкамі Ліпічанскай пушчы”, яго адкрыццё плануецца на май 2025 года. Завершана работа над маршрутам “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы, або Накрышская гісторыя” – распрацоўваецца навігацыя. Цеснае ўзаемадзеянне з суб’ектамі аграэкатурызму паспрыяла стварэнню міні-кластэра паміж сядзібай “Каля дуба” і Дварэцкім домам культуры, у рамках якога праводзяцца праграмы “Як гулялі і бавілі час нашы продкі” і “На сонечнай палянцы”.
На 2025 год для павелічэння турыстычнага патоку стаяць задачы па далейшай папулярызацыі турпаслуг, у тым ліку праз інтэрнэт, ёсць неабходнасць больш ранніх анонсаў падзейных мерапрыемстваў, пашырэння варыятыўнасці паслуг для розных узростаў, больш увагі мяркуецца надаць кірункам “Дзятлаўшчына гасцінная” і “Дзятлаўшчына экалагічная”.
Дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка і загадчыца Дварэцкага дома культуры Людміла Баклушына ў прадаўжэнні тэмы падзяліліся вопытам работы і задумкамі, як павысіць пазнавальнасць і прывабнасць Дзятлаўскага раёна праз турыстычныя паслугі, якія ўжо аказваюцца, і ўкараненне новых.
Вынікі развіцця фізічнай культуры і спорту ў раёне ў 2024 годзе падвёў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. Адзначыў, што на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 97 спартыўных аб’ектаў, зімой заліваецца хакейная пляцоўка, ладзяцца лыжныя трасы. Сёлета пачата будаўніцтва шматфункцыянальнай пляцоўкі на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю Філідовіча, вядзецца рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу ў фізкультурна-аздараўленчы, работы мяркуецца скончыць у 2026 годзе. Выкананы паказчыкі гадавога каляндарнага плана спартыўных мерапрыемстваў і дзяржаўнай праграмы па развіцці фізкультуры і спорту, колькасць асоб, якія выканалі нарматыў дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу склала 38 чалавек, што больш за 100 %.
У раёне функцыянуюць 4 спартыўныя класы на 45 чалавек. Дзятлаўчане паспяхова выступаюць на футбольных і валейбольных чэмпіянатах, а раённая хакейная каманда “Алмаз” у спаборніцтвах на прызы Прэзідэнта “Залатая шайба” да тытулаў шасцікратнага пераможцы і трохкратнага прызёра рэспубліканскага этапу дадала тытул прызёра вобласці. Яркай падзеяй 2024 года стала правядзенне ў гонар вядомага земляка-пераможцы алімпійскіх гульняў у Мехіка лёгкаатлетычнага забегу “Міля Жалабоўскага” ў праграме мерапрыемстваў да 80-годдзя вызвалення Беларусі і Дня народнага адзінства. У абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы Дзятлаўшчына змагаецца за знаходжанне ў пяцёрцы лепшых на Гродзеншчыне, неаднаразова наш раён станавіўся пераможцам і прызёрам гэтага конкурсу. Сярод далейшых планаў Дзмітрый Ёда назваў будаўніцтва варкаўт-пляцоўкі ў Дварэцкай сярэдняй школе; рамонт спартзалы і абсталяванне распранальняў і душавой у зале цяжкай атлетыкі ДЮСШ; выраб праектна-каштарыснай дакументацыі для ўзвядзення каркасна-тэнтавага збудавання на месцы хакейнай пляцоўкі ў Дзятлаве.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Вадзім Бялятка адзначыў, што сферы спорту і турызму ў Беларусі надаецца значная ўвага, за год у раёне праведзена важкая работа, аднак ён пажадаў спецыялістам не спыняцца на дасягнутым, а мэтанакіравана рухацца да далейшых дасягненняў і перамог. Прыемным момантам стала ўручэнне заслужаных узнагарод суб’ектам турыстычнай індустрыі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Гродзенскай вобласці. Ганаровымі граматамі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама адзначаны гаспадар сядзібы “Каля дуба” Сяргей Калпінскі, дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса Аляксей Урбановіч, загадчыца Дварэцкага дома культуры Людміла Баклушына.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga