Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пабываў на Усебеларускім злёце студэнцкіх атрадаў, якім моладзь нашай краіны ўрачыста закрыла трэці працоўны семестр 2024 года.
Кіраўнік дзяржавы расказаў удзельнікам злёту, што ў часы яго юнацтва студатрадаўскі рух быў не толькі спосабам зарабіць грошы, хоць і гэта мела значэнне, а дапамагаў сталець: “Мы станавіліся зусім іншымі людзьмі. Дарослымі, самастойнымі. Нам было чым ганарыцца. Гэта вельмі актуальна цяпер. Тады мы і так былі дарослымі і самастойнымі – час быў няпросты. Сёння прасцей. І, пабываўшы ў студэнцкім атрадзе, вы, магчыма, і не заўважылі, як сталі абсалютна іншымі людзьмі. Але вашы бацькі, знаёмыя і блізкія гэта заўважылі”.
Аляксандр Рыгоравіч адгукнуўся і на просьбу моладзі прысвоіць статус Усебеларускай моладзевай будоўлі-2025 двум аб’ектам – будаўніцтву Нацыянальнага гістарычнага музея і Парка народнага адзінства.
Меркаваннем аб важнасці студатрадаўскага руху для моладзі падзялілася дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурыла, член моладзевага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Марына Нячай:
– У студэнцкія гады я працавала ў студатрадзе. Атрымала будаўнічыя навыкі ў час летніх канікулаў, праводзячы касметычны рамонт інтэрната № 3 горада Гродна. Упэўнена, што падобныя працоўныя навыкі дазваляюць маладым людзям, па-першае, самім зарабіць грошы, па-другое, паспрабаваць сябе ў розных сферах і спецыяльнасцях, па-трэцяе, пасябраваць з такімі ж неабыякавымі і працавітымі байцамі студатрада і, па-чацвёртае, стаць больш сталымі і самастойнымі.
Зазначу, што магчымасць папрацаваць у студатрадах з’яўляецца ўжо з 14 гадоў. Як дырэктар школы я зацікаўлена, каб моладзь была занята карыснымі справамі ў вольны ад вучобы час. На працягу канікулаў нашы вучні былі байцамі сэрвісных атрадаў, працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторый раёна ад Дзятлаўскага РУП ЖКГ. А лепшая ацэнка работы, калі маладыя людзі зноў і зноў вяртаюцца ў дружную сям’ю студатрадаўцаў.
Адметна, што дзякуючы ініцыятыве байцоў студэнцкіх атрадаў у нас з’яўляюцца новыя аб’екты. Гэта і Беларуская АЭС, і дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, і будаўніцтва Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, таксама па ініцыятыве моладзі будаўніцтву Цэнтра нададзены статус Усебеларускай моладзевай будоўлі. Упэўнена, што гэта толькі пачатак, бо ідэй і жаданняў дастаткова, а магчымасці – ёсць.
Цалкам раздзяляю думку кіраўніка дзяржавы, што тыя, хто прайшоў студатрадаўскую школу жыцця, – сапраўдныя патрыёты. Хто ж будзе разбураць тое, што створана сваімі рукамі?
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga