На прафілактыку супрацьпраўных паводзінаў сярод дзяцей і падлеткаў было скіравана адкрытае выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое прайшло на базе Круцілавіцкай сярэдняй школы.
На жаль, у сёлетнім навучальным годзе яно не першае: мінулае ладзілася ў аграгарадку Гезгалы, дзе разглядалася адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на навучэнцаў, якія яшчэ не дасягнулі ўзросту адказнасці і ўчынілі крадзеж. На гэты раз чарговы наш юны зямляк у сілу ўзросту пазбегнуў лавы падсудных, але трымаў адказ за пашкоджанне чужой маёмасці перад членамі камісіі, навучэнцамі і педагогамі, а двое яго сяброў па гульні выступілі ў якасці сведкаў.

Як высветлілася, прывяла да правапарушэння на важкую грашовую суму, якую, дарэчы, поўнасцю выплаціць пацярпеламу матуля вінаватага школьніка, звычайная дзіцячая гульня. У адзін з лістападаўскіх вечароў трое шасцікласнікаў выйшлі пагуляць. Нягледзячы на тое, што ў родным аграгарадку і навучальнай установе ёсць цудоўна абсталяваныя спартыўныя пляцоўкі, а значыць на іх можна з карысцю правесці час, патраціўшы свой лішні запал энергіі, дзеці накіраваліся зусім у іншы бок. Іх прывабілі аўтамабілі, якія былі прыпаркаваны на неагароджанай пляцоўцы і аказаліся незамкнёнымі. Школьнікі з задавальненнем размясціліся ў салонах аўто, уяўлялі сябе вадзіцелямі, “ехалі”, “набіралі хуткасць”. У нейкі момант дзецям здалося, што гульня можа быць яшчэ больш цікавай, калі яны размяркуюць паміж сабой ролі заўзятага хулігана і дзяржаўтаінспектараў. У выніку хлопчык, які хуліганіў “на дарозе”, занадта ўвайшоў у ролю, пачаў біць машыны. Спахапіўшыся, дзеці зразумелі, што нарабілі бяды, і паспяшаліся дамоў.

Безумоўна, і перад бацькамі, і ў школе аб здарэнні прамаўчалі ўсе трое – яны ж сябры. У аграгарадку таксама ніхто нічога не заўважыў, і непаўналетнія вырашылі, што гульня павінна прадаўжацца. Так на працягу некалькіх дзён яны прыходзілі да машын, а сума ўрону расла, праўда, двое сяброў-сведкаў не рызыкнулі далучыцца да дрэнных дзеянняў, што потым іх выратавала ў час следства па ўзбуджанай крымінальнай справе.

Маці вінаватага шасцікласніка даведалася аб супрацьзаконных дзеяннях сына ў дзень, калі да іх прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Зразумела, што такі сюрпрыз для жанчыны, якая адна гадуе дзяцей, быў, мякка кажучы, непрыемным.

– Мы сюды прыехалі не для таго, каб даказаць, што навучэнец, які разбіў машыны, дрэнны чалавек, а каб расказаць усім вучням, што сітуацыі здараюцца розныя, таму трэба ўмець на іх правільна рэагаваць, – адзначыў у час пасяджэння старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вадзім Бялятка. – Мяркую, для педагогаў і псіхолага ўстановы прыспеў час, калі неабходна распрацоўваць для класных і інфармацыйных гадзін розныя інтэрактыўныя сітуацыі, якія ў жыцці могуць прывесці дзяцей да парушэння закона. Выконваць іх з дзецьмі па ролях, тлумачыць вучням, як нельга рабіць, якое пакаранне чакае за падобныя ўчынкі, як знайсці станоўчы выхад ці проста навучыцца казаць “не”.

– На бацькоўскіх сходах звярніце ўвагу дарослых на тое, што абвінавачваннямі і забаронамі мы не дасягнём пазітыўных вынікаў, – акцэнтавала ўвагу педагогаў на праблеме начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская. – Тлумачце бацькам, што яны павінны наладжваць даверлівыя адносіны з дзецьмі, часцей з імі размаўляць, абмяркоўваць розныя сітуацыі, якія здарыліся за дзень, даваць жыццёвыя парады. Сябраваць дзецям паміж сабой, асабліва ў адным класе, можна і нават неабходна, але не дзеля дрэнных спраў. І вядома ж, сапраўдны сябар павінен заўжды спыняць ад небяспечных і неабдуманых дзеянняў.
Па выніках разгляду адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы членамі камісіі з улікам станоўчых характарыстык шасцікласніка і таго, што з ім ужо распачата індывідуальная прафілактычная работа, вынесена папярэджанне аб недапушчэнні падобных паводзінаў.

– Дзеці, памятайце: закон нікому парушаць нельга, – падвёў вынікі адкрытага пасяджэння Вадзім Бялятка. – Калі ж вы сталі сведкамі такога ўчынку, спыніце свайго равесніка або раскажыце аб яго паводзінах педагогам, дарослым.
У закрытым фармаце члены камісіі з удзелам дырэктара Сяргея Гузоўскага і педагогаў установы разгледзелі адміністрацыйную справу на маці юнага парушальніка за неналежнае выкананне ёю бацькоўскіх абавязкаў, якое паспрыяла здзяйсненню сынам злачынства. Жанчыне не прызначылі пакаранне штрафам (за падобнае парушэнне ён складае да 10 базавых велічыняў), а папярэдзілі, паколькі яна згодна і будзе пагашаць урон, нанесены пацярпеламу, і раней не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.

Было таксама вырашана не накіроўваць хлопчыка ў навучальную ўстанову закрытага тыпу – за непаўналетняга паручыліся яго педагогі. Спадзяёмся, свой шанц на законапаслухмянае жыццё дома сярод блізкіх і сяброў шасцікласнік выкарыстае правільна.
Напрыканцы аб прафілактычнай рабоце, якая праводзіцца з навучэнцамі ў Круцілавіцкай сярэдняй школе, расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Якаўчык.
Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga