10 снежня ў памяшканні Дзятлаўскага райвыканкама прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда.

На прыём да сенатара звярнуўся жыхар гарпасёлка Наваельня з пытаннем у сферы медыцыны. Заяўніку былі дадзены тлумачэнні ў ходзе прыёму.

Андрэй Жамойда адзначыў, што на дзяржаўным узроўні робіцца ўсё магчымае, каб медыцынская дапамога належна аказвалася не толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах, але і раёнах:

– У кожным з рэгіёнаў нашай краіны прысутнічае сучаснае абсталяванне, прымаюцца меры, каб зацікавіць і “замацаваць” перспектыўныя кадры. Аднак, як слушна адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка,  людзям важна і самім адказна ставіцца да ўласнага здароўя. Калі кожны чалавек, пачынаючы з дзіцячага ўзросту, будзе хаця б мінімальна клапаціцца аб сваім здароўі, менш трэба будзе хадзіць у бальніцу і аптэку. Для гэтага па ўсёй краіне будуюцца “цэнтры здароўя”.

У выніку прыёму ў Дзятлаве сенатар намеціў планы работы на бліжэйшую перспектыву: у студзені сустрэцца з калектывам раённай бальніцы і пазнаёміцца з інфраструктурай установы.

– Асабістыя прыёмы грамадзян, як і сустрэчы ў працоўных калектывах, з насельніцтвам – важныя напрамкі дзейнасці сенатарскага корпуса, якія даюць магчымасць аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю ў канкрэтных рэгіёнах нашай краіны, вызначыць, якія праблемы найбольш хвалююць людзей і як іх вырашаюць мясцовыя органы ўлады, – заўважыў парламентарый. – Для нас, заканадаўцаў, гэта добрая магчымасць вывучаць, як працуюць законы, ці патрабуецца іх удасканаленне ў асобных сферах.

У межах візіту на Дзятлаўшчыну сенатар сустрэўся з кіраўніком раёна Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім, абмеркаваў з імі надзённыя справы і праекты.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации