Дзелавы панядзелак.

Прафілактыка пажараў і працаўладкаванне грамадзян, вываз буракоў і ворыва, святочныя мерапрыемствы і акцыі, капітальныя рамонты і пастаноўка тэхнікі на “зімоўку” – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Сітуацыя з пажарамі – як франтавая зводка

Супрацьпажарная бяспека ў чарговы раз выйшла на першы план тэмаў, якія абмеркавалі на абласной нарадзе і прадоўжылі на раённай. На мінулым тыдні на Гродзеншчыне адбылося 15 пажараў, на якіх загінулі тры чалавекі – усе з-за непагашанай цыгарэты.

– У прафілактычнай рабоце сёння ў першую чаргу звяртаем увагу на пажылых адзінокіх грамадзян і тых, хто злоўжывае алкаголем, – адзначыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі праінфармаваў, што ў бягучым годзе ўжо 33 дзятлаўчаніны накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Займаюцца ўшчыльную праваахоўнікі і назіральная камісія па пытаннях працаўладкавання тых, што “жывуць за мамамі”.

– Гэта правільна. Нідзе не працуюць гадамі, існуюць за пенсію бацькоў. Не давайце ім жыць спакойна. Таксама праяўляйце пільную ўвагу адзінокім пажылым жыхарам раёна. Яны самыя неабароненыя. Каму неабходна, хто спачатку не жадаў ехаць у сацыяльныя ўстановы на зімовы перыяд, а сёння адчувае, што не справіцца самастойна “зімаваць”, тэрмінова аказвайце дапамогу, не выпускайце гэтых людзей з поля зроку, – паставіў задачу старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі адказным службам.

Конкурс вызначыць, хто лепшы араты

Аграрыі раёна займаюцца пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне, завяршаюць унясенне арганічных угнаенняў на палі і ворыва – засталося 1548 гектараў да плана. Як было адзначана на нарадзе,  па ўзворванні глебы добра працуюць гаспадаркі “АграМілк”, “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”, “Войневічы”.

Кіраўнік раёна паставіў задачу правесці ў бліжэйшыя выхадныя традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы араты” сярод трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчых арганізацый раёна, занятых на ўзворванні глебы.

“Мерапрыемствы арганізуюць на высокім узроўні”

Такія словы адзнакі і падзяка гучалі ад Андрэя Уладзіміравіча ў адрас аддзела адукацыі райвыканкама. Вельмі ўразіла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства, якое ладзілася на базе Дзятлаўскага раёна ў мінулую суботу – упершыню Дзятлаўшчына прымала епархіяльны этап Міжнародных Калядных чытанняў, прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі, з удзелам высокапраасвяшчэйнейшага епіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя.

– Мерапрыемства праходзіла цэлы дзень з некалькімі этапамі, мы прымалі гасцей з трох суседніх раёнаў. Арганізавана і праведзена было на высокім узроўні. Аснову падрыхтоўкі на сябе ўзяў аддзел адукацыі. Вялікі дзякуй усім, хто меў дачыненне, – сказаў Андрэй Садоўскі.

Абмеркавалі на нарадзе, якія яшчэ акцыі і святочныя повады чакаюцца ў бліжэйшы час. 16 снежня стартуе традыцыйная акцыя “Нашы дзеці” і будзе доўжыцца па 15 студзеня 2025 года. А таксама з 26 снежня па 15 студзеня 2025 года пройдзе акцыя “Ад усёй душы”.
У гэты перыяд прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведаюць апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы, дзяржаўныя ўстановы, якія ажыццяўляюць стацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне, аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, бальніцы сястрынскага догляду і хоспісы. Яны павіншуюць дзяцей і пажылых грамадзян з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым, уручаць ім падарункі, а таксама акажуць дапамогу ў вырашэнні існуючых праблем.

Іншыя тэмы коратка

Жыллёва-камунальная гаспадарка прадаўжае планавае выдаленне дрэваў на могілках раёна. Да канца года яшчэ часткова будуць спілаваны дрэвы на могілках вёсак Падвялікае, Пацаўшчына, Драбавічы, гарпасёлка Наваельня.

****

Па 8 аб’ектах жыллёвага фонду раёна планавалася правесці капітальны рамонт у 2024 годзе.

– План будзе выкананы ў поўным аб’ёме, – заверыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік. – У стопрацэнтным аб’ёме будаўнікі выканаюць план бягучага рамонту дахаў (1522 квадратных метраў). Таксама сёлета праведзены бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў у аб’ёме 48 тысяч квадратных метраў, што склала 227,9 % да плана.

****

На абласной нарадзе была станоўча адзначана работа з кадрамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэя Садоўскага. Сярод выканкамаў Гродзеншчыны толькі ў нашым няма вакансій і ўтрымліваецца самы нізкі па вобласці паказчык звальнення супрацоўнікаў.

Як адзначыў губернатар вобласці Уладзімір Каранік, гэта гаворыць аб тым, што кіраўнік з кожным сваім работнікам умее размаўляць, чуць пажаданні чалавека, рэагаваць на яго пытанні, далучаць да выніковай прафесійнай дзейнасці.

****

Прадаўжаецца падрыхтоўка горада і раёна да навагодніх святаў у плане ўсталявання вулічных упрыгажэнняў. На бягучым тыдні работнікі камунальнай службы арганізуюць работы на алеі Маці ў райцэнтры і ўстановяць галоўную ёлку на цэнтральнай плошчы горада Дзятлава.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации