Следчы – прафесія для матываваных

Важнае Грамадства

Уяўленне аб прафесіі следчага многія сфарміравалі на аснове серыялаў, кінафільмаў, тэлеперадач і літаратурных твораў, яно найчасцей суб’ектыўнае.

У чым заключаецца рэальная работа следчага і як ім стаць у Беларусі, расказала начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Таццяна Пратаковіч:

– Работа следчага цікавая і шматгранная. Акрамя таго, што следчы юрыст-прафесіянал, ён па сваёй сутнасці аналітык-псіхолаг, а папярэдняе следства, якім ён непасрэдна займаецца, – мэтанакіраваны працэс аднаўлення ходу мінулага злачынства па слядах, выяўленых у цяперашні час. Справа следчага спадабаецца тым, хто любіць стратэгію, галаваломкі, умее і здольны шмат вучыцца, увесь час пазнаваць нешта новае. Следчыя вучацца ўсё жыццё, бо злачынствы адбываюцца ў самых розных сферах нашай жыццядзейнасці, двух аднолькавых не бывае.

– Усе следчыя – людзі ў пагонах. У якім ведамстве яны служаць?

– Следчы камітэт уяўляе сабой адзіную самастойную ваенізаваную арганізацыю, якая падпарадкоўваецца кіраўніку дзяржавы. Супрацоўнікі Следчага камітэта з’яўляюцца прадстаўнікамі дзяржаўнай улады і знаходзяцца пад абаронай дзяржавы, маюць гарантыі і кампенсацыі. Следчы камітэт, як і любая арганізацыя нашай краіны, зацікаўлены ў кваліфікаваных кадрах.

– Дзе ў Беларусі вучаць на следчых?

– Спецыялістаў нашага ведамства рыхтуе следча-экспертны факультэт (СЭФ) Акадэміі МУС і юрыдычныя факультэты ВНУ нашай краіны. Ключавымі крыніцамі фарміравання падраздзяленняў Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці выступаюць Акадэмія МУС і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, з якімі на працягу многіх гадоў супрацоўнічаем.

– Хто можа атрымаць прафесію следчага на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі?

– Кандыдатамі для паступлення на СЭФ Акадэміі МУС або мэтавую падрыхтоўку ў інтарэсах следства разглядаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь, завяршаюць (завяршылі) навучанне ва ўстанове агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, а таксама сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Да кандыдатаў, якія жадаюць навучацца ў інтарэсах Следчага камітэта, прад’яўляецца шэраг патрабаванняў, бо пасля навучання яны будуць праходзіць службу на пасадзе следчага з прысваеннем звання “лейтэнант юстыцыі”. Таксама ім гарантавана працаўладкаванне па спецыяльнасці ў горадзе Гродне або Гродзенскай вобласці, сацыяльная абарона, прадугледжаная заканадаўствам для супрацоўнікаў Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь і іх сем’яў.

– Таццяна Аляксандраўна, раскажыце падрабязней аб крытэрыях адбору для абітурыентаў.

– Кандыдатамі для атрымання адукацыі будуць разглядацца толькі маладыя людзі з устойлівай матывацыяй і разуменнем сваёй будучай прафесійнай дзейнасці, якія маюць сярэдні бал атэстата не ніжэй за 7, а таксама не маюць праблем са здароўем. У працэсе афармлення дакументаў на навучанне ў інтарэсах Следчага камітэта неабходна будзе абавязкова прайсці ваенна-ўрачэбную камісію.

– Якія іспыты чакаюць кандыдатаў і якім чынам вядзецца прыём?

– Залічэнне абітурыентаў, якія плануюць атрымліваць вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, праводзіцца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў па выніках здачы ўнутранага ўступнага іспыту па навучальным прадмеце, вызначаным прадметам першага профільнага экзамена і сярэдняга бала атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі.

Прыём у Акадэмію МУС ажыццяўляецца на аснове агульнага конкурсу па суме балаў вынікаў цэнтралізаванага экзамена (ЦЭ) і цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ) па рускай/беларускай, замежнай мовах, грамадазнаўстве і атэстата. Тэрмін атрымання вышэйшай адукацыі складае чатыры гады. Усе жадаючыя атрымаць спецыяльнасць следчага ў Акадэміі МУС або ГрДУ імя Я. Купалы могуць звярнуцца па кансультацыю і дапамогу ў Дзятлаўскі раённы аддзел Следчага камітэта на адрас: г. Дзятлава, вул. Першамайская, 5 або па тэлефоне 6-46-20.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga