Дэпутацкія клопаты. І рэальная дапамога, і ідэі для заканадаўчых ініцыятыў

Важнае Улада

Асабісты прыём грамадзян у Дзятлаўскім райвыканкаме правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда.

На прыём звярнулася пяць заяўнікаў. Як заўсёды, Міхаіл Сяргеевіч скурпулёзна разбіраўся ў кожнай сітуацыі, рабіць гэта яму дапамагалі памочнік дэпутата Яўгеній Ігліцкі і намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Марына Панкевіч.

Людзей цікавілі пытанні рамонту вуліц, якасці аказання медыцынскай дапамогі, зямельнага заканадаўства, афармлення ва ўласнасць арэнднага жылля і нават папаўнення калекцыі значкоў.

Калектыўны зварот паступіў ад жыхароў вуліцы 50 гадоў Кастрычніка, якая ў райцэнтры вядзе ад вуліцы Камсамольскай да Слонімкай і абеліска Славы. Спецыфіка яе ў тым, што дамы пабудаваны толькі з аднаго боку дарогі, па другі бок – парк. Пакрыццё там грунтавае, а таму жыхары адчуваюць нязручнасці як у спякотнае надвор’е, калі аўтамабілі паднімаюць пыл, так і ў дажджлівае, бо на дарозе збіраюцца лужыны, аб’язджаючы якія, вадзіцелі нярэдка збочваюць проста на зялёную зону. Жанчыны ад імя ўсёй вуліцы, выказалі думку, што гэтага магло б і не быць, калі б дарожныя службы ажыццявілі тут падсыпку асфальтагранулятам, тым больш што ў горадзе якраз ідзе рамонт дарожнай сеткі са зняццем верхняга слою асфальтавага пакрыцця. Як аказалася, заяўніцы ўжо звярталіся са сваім пытаннем на прамую тэлефонную лінію да старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, ён паабяцаў вывучыць такую магчымасць.

Міхаіл Орда згадзіўся, што просьба жыхароў зразумелая і патрэбная, і што ён таксама падтрымлівае ідэю наконт падсыпкі вуліцы 50 гадоў Кастрычніка асфальтагранулятам з абсталяваннем пешаходнай зоны. Пытанне ўзята на кантроль дэпутата.

Выслухаўшы яшчэ двух заяўнікаў, Міхаіл Сяргеевіч узяў іх сітуацыі на заметку, як ідэі для заканадаўчых ініцыятываў, якія дапамогуць удасканаліць праваадносіны ў сферах зямельнага заканадаўства і прыватызацыі жылля.

Так, жыхарка гарпасёлка Наваельня атрымала ў спадчыну частку жылога аднапавярховага шматкватэрнага дома. Цяпер жанчына спрабуе аформіць зямлю, дзе стаіць дом і гаспадарчыя пабудовы, якія ёй дасталіся. Як аказалася, вызначыць канкрэтныя межы зямельнага надзела, што склаў бы яе долю, немагчыма, паколькі гаспадарчыя пабудовы знаходзяцца ў розных канцах участка. Значыць, каб узаконіць зямлю, заяўніца павінна аплаціць поўную суму за ўвесь надзел, а яна не адзіная яго гаспадыня.

Паколькі канкрэтных артыкулаў па вырашэнні падобных сітуацый Зямельны кодэкс не ўтрымлівае, дэпутат даў даручэнне арганізаваць сустрэчу ўласнікаў са старшынёй Новаяльнянскага сельвыканкама Людмілай Радзевіч і шляхам абмеркавання прыйсці да канструкцыйнага рашэння.

Другі выпадак тычыўся спробы жыхаркі райцэнтра выкупіць арэнднае жыллё, якое цяпер знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, а раней было выдзелена сям’і ад калгаса. Як высветлілася, тэрмін прыватызацыі на дом скончыўся амаль дзесяць гадоў таму, цяпер ажыццявіць яе немагчыма, хаця жанчына не адно дзесяцігоддзе пражыла ў доме, за свае грошы рабіла рамонт, устаўляла шклопакеты. Дзятлаўчанцы патлумачылі, што пакуль няма заканадаўчай магчымасці выкупіць жылыя метры, аднак нават калі ў перспектыве яна з’явіцца, то ўсе паляпшэнні жылых умоваў, якія зроблены за час пражывання, будуць уключаны ў ацэначны кошт дома.

Яшчэ адзін жыхар райцэнтра сустракаецца з Міхаілам Ордам не першы раз. Мужчына збірае калекцыю значкоў, якая ўтрымлівае ўжо каля тысячы экзэмпляраў, і спадзяецца, што дэпутат можа дапамагчы яе папоўніць цікавымі навінкамі. Заяўнік таксама ўнёс сваю прапанову па выпуску новага сувенірнага значка, прысвечанага гораду Дзятлава. Мужчына ўзгадаў, што ў свой час такая прадукцыя з’явілася на свет, дзякуючы нашаму вядомаму земляку савецкаму партыйнаму і дзяржаўнаму дзеячу Сяргею Кабяку, імя якога носіць адна з вуліц райцэнтра.

Дэпутат выказаў меркаванне, што прапанову выпусціць другі сувенірны значок у гісторыі горада Дзятлава можна адрасаваць кіраўніку раёна Андрэю Садоўскаму.

Напрыканцы прыёма Міхаіл Орда пацікавіўся, на якой стадыі вырашэння знаходзяцца пытанні ранейшых прыёмаў грамадзян, і даведаўся, што большасць з іх вырашана станоўча.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: