2 кастрычніка вернікі сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава сустракалі вялікую хрысціянскую святыню і духоўны сімвал Беларусі – крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, заступніцы нашай Айчыны.

Цяпер крыж “падарожнічае” па епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы, а звычайна знаходзіцца ў Спаса-Ефрасіннеўскім Полацкім жаночым мітрапаліцкім манастыры. Прынясенне адной з галоўных святыняў нашай краіны ў іншыя храмы прымеркавана да 40-годдзя з дня ўстанаўлення святкавання Сабора Беларускіх святых. Пачалося яно напрыканцы верасня, а завершыцца ў сярэдзіне лістапада. З 29 верасня па 4 кастрычніка Ефрасіннеўскі крыж вандруе па Навагрудскай епархіі, а з 5 па 11 кастрычніка накіруецца ў храмы Гродзенскай епархіі. У Дзятлава ён прыбыў з храма святых апосталаў Пятра і Паўла гарпасёлка Карэлічы.

У дзень урачыстай падзеі з самага ранку на падворку дзятлаўскага сабора было шматлюдна. Пакланіцца крыжу прыйшлі прадстаўнікі ўлады, гараджане розных узростаў, а паколькі Святая Ефрасіння была асветніцай, не прамінулі такой магчымасці школьнікі і педагогі.

 

А дзявятай гадзіне святыню ўрачыста сустрэлі клірыкі Дзятлаўскага благачыння. Пасля размяшчэння крыжа ў цэнтры храма адбылася саборная боская літургія, вернікі змаглі памаліцца каля крыжа, прыкласціся да яго самі і прыкласці памятныя іконкі і крыжыкі, якія можна было набыць у храме.

Калі зрабіць экскурс у гісторыю, то помнім, што напрастольны крыж для царквы Святога Спаса ў Полацку быў выраблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам па просьбе ігуменні Полацкай Ефрасінні. Гэта машчавік, паколькі ў пяці квадратных гнёздах куфра ювелір замацаваў хрысціянскія рэліквіі: кроплі крыві Ісуса Хрыста, часцінку крыжа Гасподняга, кавалачак каменя ад труны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, кроў святога Дзмітрыя Салунскага.

На жаль, Ефрасіннеўскі крыж бясследна знік у чэрвені 1941 года і да нашага часу не знойдзены. Таму ў 1997 годзе брэсцкі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч зрабіў яго поўнапамерную адпаведную копію. Узноўлены крыж у той жа год асвяціў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ у час візіту ў Беларусь.

У наш час рэліквія захоўваецца ў Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыры ў Полацку, да яе могуць прыкласціся паломнікі, якія едуць да нятленных мошчаў заступніцы беларускай зямлі.

У Дзятлаве на працягу дня будуць праходзіць малебны з чытаннем акафіста. У гараджан і гасцей райцэнтра да 21 гадзіны ёсць магчымасць дакрануцца да святыні, памаліцца каля яе, папрасіць здароўя і дапамогі ў Госпада, святых і заступніцы зямлі беларускай.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации