Праўда пра суп

Грамадства Свежыя навіны

На постсавецкай прасторы лічыцца, што суп — гэта аснова правільнага харчавання, таму есці яго трэба штодня і пачынаць абавязкова з дзяцінства.

А вось еўрапейскія дыетолагі прытрымліваюцца іншай думкі: суп на здароўе не ўплывае, таму ўжываць яго так часта не абавязкова. І каму верыць?

З большага еўрапейцы маюць рацыю: есці гэтую страву дастаткова 2–3 разы на тыдзень. Аднак карысць для арганізма ён усё ж прыносіць. Правільна прыгатаваны суп – гэта збалансаваны набор бялкоў, тлушчоў і вугляводаў, а таксама вітамінаў і мінералаў.

Мясны суп

Для мяснога булёну лепш браць нятлустае мяса (курыцу, індычку).  Перад гатаваннем зніміце з птушкі скуру — пазбавіцеся ад лішняга халестэрыну і калорый. Мясны булён давядзіце да кіпення, зніміце пенку і варыце яшчэ некалькі хвілін, пасля чаго зліце ўсю вадкасць, прамыйце мяса і перакладзіце назад у каструлю, заліце чыстай вадой. Варка на другім булёне паменшыць канцэнтрацыю ў страве антыбіётыкаў, халестэрыну і  экстрактыўных рэчываў, якія павялічваюць сінтэз і ўзровень кіслотнасці страўнікавага соку. Наварыстыя мясныя булёны не рэкамендаваны людзям з язвавай хваробай, гастрытам.

Агароднінны суп

Чым больш разнастайная агародніна ў ім, тым больш карысці. Толькі не абсмажвайце яе папярэдне на алеі ці сале. Агародніну трэба закідваць у канцы прыгатавання, пачынаючы з той, якая варыцца даўжэй, а зяленіва – ужо пасля выключэння. Так захаваецца больш карысных рэчываў.

Рыбны суп

Марская рыба вельмі тлустая, хоць і змяшчае карысныя тлушчы. А яшчэ ў ёй можа знаходзіцца свінец, таму рыбны суп, як і мясны, трэба варыць на другім булёне.

Суп-пюрэ

Смачная, але часта каларыйная страва, асабліва калі варыць яе на вяршках, з маслам і грэнкамі. Лепш гатуйце яго на вадзе ці булёне з вялікай колькасцю агародніны, тады суп стане крыніцай вітамінаў, мікра- і макраэлементаў, а таксама заменіць адну-дзве з пяці рэкамендуемых Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя порцый агародніны для тых, хто не жадае яе есці ў іншым выглядзе.

Важна

У суп можна дадаваць адзін від круп або макароны з цвёрдых гатункаў пшаніцы.

Развенчваючы міфы

  1. Суп – не дыетычная страва. Тлустая салянка, наварысты мясны булён, грыбны суп могуць справакаваць абвастрэнне захворванняў страўнікава-кішачнага тракта і/або сардэчна-сасудзістай сістэмы.
  2. Суп не разводзіць страўнікавы сок і не зніжае ўзровень стрававальных ферментаў.
  3. У супе заўсёды застаюцца вітаміны і мікраэлементы, галоўнае, правільна яго варыць.

Гатуем суп правільна:

  1. Абавязкова злівайце першы булён.
  2. Не забывайце здымаць тлушч і пену пры варцы булёну.
  3. Саліце, калі вада пачне закіпаць.
  4. Не бойцеся выкарыстоўваць спецыі і розныя травы.
  5. Варыце на невялікім агні.
  6. Памер агародніны і іншых інгрэдыентаў павінен быць такім, каб іх не даводзілася дзяліць на часткі лыжкай у талерцы.
  7. Падрыхтаваныя прадукты закладвайце ў кіпячы булён, пачынаючы з тых, якія цяжка разварваюцца.
  8. Падтрымлівайце стан пастаяннага ціхага кіпення. Для гэтага наступны прадукт закладвайце толькі пасля ўзнаўлення кіпення.

І. СІЛЬЧУК,
доктар агульнай практыкі  Дзятлаўскай ЦРБ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga