Хлебаробам – хвала і пашана. “Дажынкі-2024” на Дзятлаўшчыне (+відэа)

Галоўнае Улада

На цэнтральнай плошчы горада Дзятлава адбылася цырымонія ўшанавання механізатараў, вадзіцеляў, аператараў збожжасушыльных комплексаў, повараў, якія вызначыліся ў пасяўной і ўборачнай кампаніях 2024 года.

У святкаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, жыхары раёна, запрошаныя госці, у ліку якіх – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Орда, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання Андрэй Жамойда.

Ад імя ўсіх удзельнікаў сёлетняга жніва сімвал паспяховага завяршэння жніва – духмяны каравай уручылі старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму.

Андрэй Уладзіміравіч звярнуўся да хлебаробаў са словамі ўдзячнасці і віншаваннямі:

– Спаконвеку і да сённяшняга дня праца хлебароба застаецца самай важнай і нялёгкай. Ва ўсе часы працаўнікі вёскі былі прыкладам стараннасці, вернасці і адданасці сваёй працы.Па добрай традыцыі на “Дажынках” мы аддаём данін упавагі людзям, дзякуючы якім на нашых палях вырашчаны і сабраны багаты ўраджай, людзям, якія робяць усё магчымае, каб забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны.

Сёлета жніво было няпростым. Экстрэмальныя ўмовы надвор’я патрабавалі вялікіх фізічных і маральных намаганняў, але вы з гонарам вытрымалі ўсе выпрабаванні, паказаўшы прыклад адданасці абранай справе. Дасягнутыя вынікі з’яўляюцца пацвярджэннем гэтага. Працаўнікамі вёскі ў бягучым годзе сабраны багаты ўраджай рапсу, збожжавых і зернебабовых культур. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур па стане на 24 жніўня 2024 года склаў больш за 58,2 тысячы тон, прыбаўка ўраджаю – 3 тысячы тон да 2023 года, ураджайнасць – 34,9 цэнтнера з гектара. Ва ўборачнай кампаніі прымалі ўдзел 62 камбайнавыя экіпажы. Вялікі дзякуй вам, шаноўныя работнікі галіны, за высокапрафесійную, прадукцыйную працу, за тое, што вы кожны на сваім месцы зрабілі ўсё, каб сабраць ураджай якасна і своечасова.

Сёння хочацца выказаць словы ўдзячнасці не толькі тым, хто працуе ў галіне сельскай гаспадаркі прафесійна, але і тым, хто заўсёды гатовы падставіць сяброўскае плячо: работнікам прамысловых прадпрыемстваў і абслугоўваючых арганізацый, лясной гаспадаркі, газазабяспечвальнай арганізацыі, электрычных сетак, гандлю, будаўніцтва, устаноў аховы здароўя, адукацыі і культуры. Вялікі вам дзякуй, паважаныя кіраўнікі, за падтрымку сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Паважаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі! Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта віншую вас са святам. Шчыра жадаю моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, добрага святочнага настрою, новых поспехаў, багатых і шчодрых ураджаяў!


Караваі сёлетняга ўраджаю ад кіраўніцтва раёна з лічбай намалочанага збожжа атрымалі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна: ААТ “Граніт-Агра” – 12 792 тоны зерня (Андрэй Падліпскі), СГФ “АграМілк” – 10 099 тон (Аляксандр Грынкевіч), ААТ “Дварэц-Агра” – 6989 тон (Аляксандр Лесюкоў), КСУП “Войневічы” – 5708 тон (Сяргей Францішчык), КСУП “Хвінявічы” – 3144 тоны (Мікалай Бубноўскі), КСУП “Жукоўшчына” – 3133 тоны (Васіль Алясюк).

Па добрай хрысціянскай традыцыі разам з дзятлаўчанамі падзякавалі Богу за добры ўраджай і асвяцілі хлеб 2024 года благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Андрэй Лішко.

Кульмінацыяй свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённых спаборніцтваў на пасяўной кампаніі, уборцы ўраджаю, якія паказалі высокі вынік, пры гэтым не дапусцілі парушэнняў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, умоваў аховы працы. Узнагароды аграрыям уручыў Андрэй Садоўскі.

Пераможцы раённых спаборніцтваў на вясновых палявых работах у 2024 годзе сярод прадпрыемстваў размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца – КСУП “Войневічы” (дырэктар Сяргей Францішчык, галоўны аграном Іван Палуянцэвіч, галоўны інжынер Сяргей Пятліцкі), 2-е месца – СГФ “АграМілк” (дырэктар  Аляксандр Грынкевіч, галоўны аграном Андрэй Лежань, намеснік начальніка Васіль Каральчук), 3-е месца – ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар Андрэй Падліпскі, галоўны аграном Алена Майсейчык).

Лідарамі раённых спаборніцтваў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур у 2024 годзе сталі наступныя прадпрыемствы: 1-е месца – СГФ “АграМілк”, 2-е месца – КСУП “Хвінявічы” (дырэктар – Мікалай Бубноўскі, галоўны аграном –
Аляксандр Кугейка, галоўны інжынер Віктар Ерамейчык)), 3-е месца – КСУП “Войневічы”.

З заканчэннем уборачнай кампаніі аграрыяў раёна павіншавала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і ўручыла ўзнагароды раённага спаборніцтва на ўборцы  рапсу, зерневых і зернебабовых культур сярод моладзевых экіпажаў і маладых вадзіцеляў, аграномаў і інжынераў, занятых на жніве-2024.

Павіншавалі прысутных са святам і адзначылі лепшых хлебаробаў прафсаюзнымі дыпломамі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

За добрую арганізацыю харчавання ў час уборачных работ 2024 года дыпломамі, каштоўнымі падарункамі і грашовымі прэміямі былі адзначаны кіраўнікі і работнікі пунктаў харчавання сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўшчыны.

У межах святкавання раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2024” прайшлі тэматычныя конкурсы.

Лепшымі ў вырабе і афармленні дажынкавага снапа сталі прадстаўнікі КСУП “Жукоўшчына”, самы духмяны і прыгожы каравай атрымаўся ў КСУП “Войневічы”, гаспадарамі лепшага сельскагаспадарчага падворка былі прызнаны работнікі ААТ “Граніт-Агра”, самага арыгінальнага гандлёвана месца – Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Дыпломы пераможцам уручылі Віталій Шулейка і Уладзімір Казак, грашовыя прэміі будуць пералічаны на рахунак прадпрыемстваў.

Па-сапраўднаму святочным і радасным раённае свята “Дажынак” зрабілі артысты Дзятлаўшчыны і беларускай эстрады Ала Аўдзейчык, гурт “БайСіці”, Алена Ланская.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: