Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны за паўгоддзе былі разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
Удзел у ім прыняў начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Віктар Піўко.
З ключавымі паказчыкамі эканамічнага развіцця раёна прысутных пазнаёміла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.
– У першым паўгоддзі бягучага года эканоміка рэгіёна развівалася паступова і збалансавана, асноўныя прагнозныя паказчыкі былі выкананы прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, – адзначыла яна.
Мэтавы паказчык па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях – 115,8 % пры заданні 102,4 %. Паказчык па рознічным тавараабароце гандлю праз усе каналы рэалізацыі выкананы на 108,2 % пры заданні 102,9 %; па ўдзельнай вазе працаўладкаваных беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі ў галіне садзейнічання занятасці,– 90,9 % пры заданні 55,0 %. Паказчык па пасажыраабароце склаў 133,7 % пры заданні 102 %.
Мэтавы паказчык па інвестыцыях у асноўны капітал па раёне, у працэнтах да адпаведнага перыяду 2023 года (у супастаўных цэнах) – 74,1 % пры прагнозе 104,3 %; паказчык па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў прадстаўнікоў не дасягнуў задання ў 103,3 %, аднак перавысіў мінулагодні паказчык.
– Сёння важна нарошчваць аб’ёмы інвестыцый ва ўсіх сферах эканомікі, рэсурсы для гэтага ёсць, – адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Задача да канца года выйсці на стопрацэнтнае выкананне гэтага паказчыка. Гэтаму паспрыяе шэраг буйных інвест-праектаў, якія рэалізуюцца ў раёне.
Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што сур’ёзныя пытанні выклікае індэкс фізічнага аб’ёму ў эканоміцы Дзятлаўшчыны, па якім ёсць адставанне да ўзроўню мінулага года ў шэрагу суб’ектаў гаспадарання, сярод якіх Дзятлаўскі лясгас, лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Новаяльнянскі КХП”, ТАА “РоданАгра” і “РоданАграПол”.
Сельская гаспадарка
За 6 месяцаў у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна выраблена прадукцыі на суму 59,3 мільёна рублёў. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 115,8 % пры заданні 102,4 %.Тэмп росту валавой прадукцыі ў галіне жывёлагадоўлі 109,7 % (удзельная вага галіны ў структуры валавой прадукцыі займае 87,1 %). Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі забяспечылі рост вытворчасці валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах звыш 100 %.Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна выраблена за студзень-чэрвень 38 327 тон малака, што на 16,9 % вышэй за ўзровень аналагічнага перыяду 2023 года, надой на адну карову склаў 3549 кг. Рэалізавана 35 313 тон малака або 118 % да аналагічнага перыяду 2023 года.
За аналізуемы перыяд 2024 года ўвогуле сельскагаспадарчымі арганізацыямі забяспечана зніжэнне падзяжу буйной рагатай жывёлы, аднак гэты паказчык застаецца высокім у шэрагу гаспадарак раёна. Сярэднясутачная прыбаўка вагі свіней знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года.
Віктар Піўко звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння, пацікавіўшыся прычынамі зніжэння. У іх ліку называлася памяншэнне колькасці пагалоўя свіней з-за памяншэння прыплоду на 1591 галаву і павелічэння падзяжу свіней на 1061 галаву.
Па-ранейшаму высокім застаецца тэмп росту валавой прадукцыі раслінаводства, які забяспечаны за кошт павелічэння вытворчасці травяных кармоў і больш ранніх тэрмінаў уборкі азімага ячменю. Усе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна забяспечылі рост прадукцыі раслінаводства за аналізуемы перыяд. Нарыхтавана 21 019 тон травяных кармоў у пераліку на кармавыя адзінкі, што складае 147,8 % да першага паўгоддзя 2023 года. У разліку на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 9,8 цэнтнера кармавых адзінак, што на 3,1 больш, чым летась.
Старшыня райвыканкама паставіў задачу “закрыць” прабелы ў галіне сельскай гаспадаркі і выправіць недапрацоўкі.
– У рабоце галіны важна звяртаць увагу не толькі на раённы ўзровень, але на тое, як мы выглядаем на ўзроўні Гродзенскай вобласці. Тут па многіх пазіцыях лічбы несуцяшальныя, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Калі сёння даць слабіну, праз год сітуацыя можа стаць непапраўнай. Пры гэтым не забывайце, што без развіцця сяла “не будзе ні культуры, ні фізкультуры”, ні развіцця іншых сфер.
Гатоўнасць да новага навучальнага года
У 2024/2025 навучальным годзе ў Дзятлаўскім раёне будзе функцыянаваць 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 7 устаноў дашкольнай адукацыі, з 1 верасня ліквідаваны Раготнаўскі дзіцячы сад. За парты сядуць 2093 навучэнцы, з іх 149 – першакласнікі.
На падрыхтоўку ўстановаў адукацыі да новага навучальнага года з раённага бюджэту былі выдаткаваны значныя фінансавыя сродкі. На правядзенне рамонтных работ было затрачана 1216 тысяч рублёў, з іх на правядзенне капітальнага рамонту – 915 тысяч рублёў, на правядзенне бягучага рамонту – 301 тысяча рублёў. З пазабюджэтных сродкаў сума выдаткаў на выкананне рамонтных работ па ўсіх установах адукацыі склала 12,7 тысячы рублёў; спонсарскія сродкі – 24,9 тысячы рублёў. Сума выдаткаў праз цэнтр занятасці на выкананне будаўнічых работ ва ўстановах адукацыі склала 18,4 тысячы рублёў.
На падставе Плана мерапрыемстваў па рэканструкцыі (мадэрнізацыі), капітальным рамонце і аснашчэнні сучасным абсталяваннем устаноў дашкольнай адукацыі на 2021-2025 гады была набыта дзіцячая мэбля ў Новаяльнянскі, Казлоўшчынскі, Гезгалаўскі, Дварэцкі дзіцячыя сады на агульную суму 21,8 тысячы рублёў. На стадыі пастаўкі знаходзіцца надворнае абсталяванне ў Гезгалаўскі, Дварэцкі, Казлоўшчынскі дзіцячыя сады на агульную суму 10 тысяч рублёў. Набыта камп’ютарная тэхніка для ўстаноў дашкольнай адукацыі на суму 5,2 тысячы рублёў. Закуплена мэбля на суму 54,9 тысячы рублёў; набыта музычная апаратура на суму 13,3 тысячы рублёў для сярэдняй школы № 3 г .Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, інтэрактыўная панэль на суму 7,1 тысячы рублёў для сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава, спортінвентар на суму 6,2 тысячы рублёў. У цэлым на набыццё сродкаў навучання і абсталявання затрачана з раённага бюджэту 132,63 тысячы рублёў. З мэтай стварэння бяспечных і камфортных умоў для навучэнцаў ва ўсіх установах адукацыі праведзены бягучыя і касметычныя рамонты. У шэрагу дашкольных устаноў раёна завершаны работы па ўсталяванні электрамеханічных замкоў і дамафонных прылад з магчымасцю дыстанцыйнага кіравання і абсталявання іх сістэмамі відэаназірання, на 2025 год запланавана прадоўжыць гэту работу.
У 2024 годзе ўстаноўлены сістэмы відэаназірання на школьных стадыёнах у 9 установах агульнай сярэдняй адукацыі, у належны стан праведзены аўтаматычная пажарная сігналізацыя ў 2 установах адукацыі, асвоена 10 тысяч рублёў. Навучанне па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму прайшлі 15 членаў добраахвотных пажарных дружын.
У межах выканання плана мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў харчавання ва ўстановах адукацыі Дзятлаўскага раёна на 2024-2026 гады набыты параканвектамат і халадзільная шафа (11 тысяч рублёў і 3,8 тысячы рублёў), праведзена замена мэблі ў абедзеннай зале сярэдняй школы № 3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча на суму 20 тысяч рублёў, частковая замена абсталявання (устаноўлена электрапатэльня за 3,5 тысячы рублёў), заменены кухонны і сталовы посуд на харчблоку Казлоўшчынскай сярэдняй школы, набыты халадзільнік у Новаяльнянскую сярэднюю школу (1,6 тысячы рублёў).
Для падвозу навучэнцаў выкарыстоўваецца 10 аўтобусаў, ёсць 2 рэзервовыя. Праведзены маніторынг тэхнічнага стану школьных аўтобусаў, па выніках якога недахопаў не выяўлена. Аднак існуе неабходнасць у паступовым набыцці новых аўтобусаў.
У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021-2025 гады праведзена выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да навучальнага года за кошт бюджэтных сродкаў 274 шматдзетным сем’ям, якія выхоўваюць 594 непаўналетніх, на суму 77,16 тысячы рублёў, што складае 100 % ад колькасці маючых патрэбу сем’яў.
Да новага навучальнага года ў раён прыбыло 17 маладых спецыялістаў. Прыняты меры па прадастаўленні ім жылых памяшканняў для пражывання.
Бюджэт
Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала далажыла, што ў бюджэт Дзятлаўскага раёна за паўгоддзе паступіла 22 мільёны 237 тысяч рублёў уласных даходаў, удакладнены гадавы план выкананы на 41 %, першапачатковы – на 47 %.
Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт падатковых паступленняў на суму 19 мільёнаў 921 тысяча (89,1 % у аб’ёме ўласных даходаў): падаходны падатак з фізічных асобаў (49,4 %), падатак на дабаўленую вартасць (11,3 %), падатак на ўласнасць (8,9 %), падатак на прыбытак (10,9 %).
Бюджэт за паўгоддзе склаўся з дэфіцытам.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga