23 жніўня з рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведаў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Віктар Мацкевіч.
У раённым выканаўчым камітэце ён правёў прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян па пытаннях заканадаўства аб працы і ахове працы.
Зваротаў ад жыхароў раёна не паступіла. Разам з тым Віктар Юзэфавіч расказаў, з якімі праблемамі або прапановамі можна звяртацца да яго, як наладжана работа з аховай працы на Дзятлаўшчыне:
– Часцей за ўсё ў наша ўпраўленне звяртаюцца з праблемамі своечасовай выплаты заработнай платы, канчатковых разлікаў, адпускных, розных кампенсацый, менш – па ахове працы. Але я лічу, што апошняе пытанне надзвычай важнае. Кожны чалавек павінен ведаць асноўныя элементарныя патрабаванні бяспекі. Часта бывае складана давесці да ведама работніка, што бяспека – у яго руках, ні адзін кіраўнік не зможа стварыць ідэальныя ўмовы, бо сітуацыя можа мяняцца кожную хвіліну, таму сам чалавек павінен клапаціцца пра сваё здароўе і жыццё. Неабходна не проста фармальна праводзіць інструктажы з работнікамі, а прыводзіць рэальныя факты няшчасных выпадкаў, каб яны ўсведамлялі важнасць выканання правілаў аховы працы на рабочым месцы.
З яго словамі пагадзіўся і старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і дадаў, што пытанні бяспекі і адказных адносінаў да свайго здароўя і жыцця на працы неабходна выхоўваць ужо ў дзяцей, бо яны вырастуць, стануць спецыялістамі і павінны ўмець ацаніць рызыку, не губляць грань небяспекі.
Віктар Мацкевіч расказаў, што сёлета ў Гродзенскай вобласці адзначаецца невялікае зніжэнне траўматызму на вытворчасці, аднак ёсць выпадкі са смяротным зыходам. Неабходна разумець, што за гэтымі лічбамі – трагедыя не толькі кожнага чалавека, але і яго сям’і, усяго калектыву.
Што датычыцца Дзятлаўскага раёна, тут няма росту вытворчага траўматызму. Было заўважана, што работа па ахове працы вядзецца на належным узроўні.
Асаблівая ўвага апошнім часам надавалася бяспецы ў час уборачнай кампаніі. Усе сельгаспрадпрыемствы былі абследаваны, калі выяўляліся парушэнні, яны аператыўна ліквідаваліся, не было неабходнасці назначаць пазапланавыя праверкі, выдаваць прадпісанні або штрафаваць. Дзякуючы гэтаму ў Гродзенскай вобласці не было траўматызму са смяротным або цяжкім зыходам пры правядзенні ўборачных работ.
– Будзьце асцярожныя. Гэта самая элементарная мера бяспекі, – зазначыў напрыканцы сустрэчы Віктар Мацкевіч.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga