Павага і хвала – работнікам сяла

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Тамара Стасевіч уручыла грашовы сертыфікат аднаму з лідараў жніва-2024 на Дзятлаўшчыне.

У КСУП “Войневічы”, дзе працуе камбайнер Дзмітрый Сухецкі, які сёлета пятнаццаты жніўны сезон папаўняе засекі гаспадаркі і набліжаецца да сваёй чарговай тысячы тон, Тамара Іосіфаўна накіравалася разам са старшынямі раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандрам Дубовікам, раённых арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімірам Казаком і работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Святланай Залучан.

На палетках з вялікім букетам сезонных кветак і сімвалічным снапком новага ўраджаю да гасцей далучыліся галоўны аграном гаспадаркі Іван Палуянцэвіч і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Вольга Сухецкая. Не абышлася сустрэча без яркага песеннага падарунка, які для Дзмітрыя Сяргеевіча падрыхтавалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Іван Кашко, Святлана Венская, Ірына Бакшук.

Ва ўрочышчы Ёцаўскае, дзе Дзмітрый з калегамі-камбайнерамі шчыруе над 40 гектарамі азімай трыцікале “Грэнада”, пару хвілінак давялося пачакаць, пакуль руплівы працаўнік праходзіў свой чарговы жніўны “круг” па палетках.

– Пакуль яшчэ дакладна не падлічылі, але “на вока” ураджайнасць тут павінна дасягаць не менш за 40 цэнтнераў з гектара, – заўважае Іван Палуянцэвіч. – У параўнанні з мінулым годам сёлета наогул чакаем значна лепшай ураджайнасці. Леташняя была 32-34 цэнтнеры з гектара, сёлета ўжо маем 35, і гэта без абмалоту самых ураджайных палёў. Усяго ж у КСУП “Войневічы” засеяна 1800 гектараў, убрана 500 – каля 35 % плошчаў. Найбольш радуюць азімыя пшаніца і трыцікале. Ужо абмалочана жыта, увесь рапс, якога было 370 гектараў. Увогуле ў гэтым уборачным сезоне чакаем прыкладна сямітысячнага намалоту. У наступным годзе мяркуем са 100 да 130 гектараў павялічыць плошчы азімага ячменю, які вызначаецца сваёй урадлівасцю.

Нарэшце “карабель хлебных палёў” Дзмітрыя Сухецкага спыніўся, з’явілася магчымасць для віншаванняў і душэўнай размовы.

– Шчыра рада вітаць вас, – зазначыла Тамара Стасевіч, звяртаючыся да Дзмітрыя Сяргеевіча. – Чула, што вы яшчэ і шматдзетны тата, гадуеце пяцёра дзяцей, якога яны ўзросту?

– Ад шасці да чатырнаццаці гадоў, чатыры хлопчыкі і дзяўчынка, – удакладніў камбайнер.

– Я другі год запар прыязджаю ўшаноўваць старанных работнікаў, – прадоўжыла Тамара Іосіфаўна. – Як жа было прыемна аднаго з пераможцаў жніва сустрэць летась на свяце “Дажынкі-2023” у Зэльве. Ён пазнаў мяне, падышоў, павітаўся. Такія моманты адны з найбольш прыемных у жыцці.

Вось і сёння мы сабраліся падзякаваць вам за працу, што не лічыцеся з асабістым часам і робіце “беларускі каравай” больш важкім. На зямлі заўсёды працуюць годныя людзі, якія дастойны найвялікшай пашаны. Вам і вашай вялікай дружнай сям’і я жадаю шчасця і дабрабыту. Яшчэ раз дзякую за служэнне малой радзіме і роднай зямлі.

Тамара Стасевіч уручыла Дзмітрыю Сухецкаму сертыфікат і кветкі. З самымі цёплымі, шчырымі словамі да яе віншаванняў далучыліся іншыя прысутныя. Літаральна яшчэ некалькі хвілін было патрачана на музычнае віншаванне і фотасесію – і вось ужо Дзмітрый Сяргеевіч звыкла ўзбягае па прыступках свайго збожжаўборачнага КЗС-1218, раве матор, і “капітан хлебнага карабля” далей адпраўляецца ў падарожжа па ўрадлівай ніве па чарговыя тоны “чыстага золата палёў”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga