У Беларусі 28 ліпеня адзначаецца Дзень работнікаў гандлю.
Выпадкова ці не, але напярэдадні гэтага прафесійнага свята ў рэдакцыю раённай газеты прыйшоў ліст ад нашай пастаяннай падпісчыцы жыхаркі вёскі Літаварцы Яніны Ігнацік.
У ім Яніна Уладзіміраўна разважае аб якасці быту жыхароў глыбінкі, якая, у першую чаргу, залежыць ад людзей – спецыялістаў раённых службаў і арганізацый, работнікаў гандлю і паштовай сувязі.
На пачатку пісьма наша зямлячка кораценька расказвае аб сабе, аб тым, што размяняла дзявяты дзясятак, і дае “статыстычны зрэз” жыцця ў Літаварцах: “калісьці вёска налічвала 47 падворкаў, цяпер у шасці домаўладаннях жывуць сем чалавек ад 75 да 86 гадоў,” – піша яна.
Яніну Уладзіміраўну мы добра ведаем па біяграфічных заметках у нашай газеце. Гэта паважаная жанчына, ветэран працы ў галіне сельскай гаспадаркі. Усё сваё жыццё Яніна Ігнацік адпрацавала ў калгасе: паляводам, ільнаводам, брыгадзірам, загадчыкам вытворчага ўчастка, за сваю старанную працу адзначана шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн “Знак Пашаны”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, іншыя. Меркаванне такога паважанага чалавека, безумоўна, заслугоўвае ўвагі.
Яніна Уладзіміраўна расказала, што яшчэ заспела час, калі амаль у кожнай вёсцы быў свой сельскі магазін. Цяпер, нягледзячы на невялікую колькасць насельніцтва, жыхары глыбінкі не засталіся без гандлёвага абслугоўвання. Функцыю гэту годна выконваюць аўталаўкі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, работай якіх вяскоўцы задаволены.
“З 2014 года вёску Літаварцы абслугоўвае аўтамагазін № 2, дзе працуюць сціплая, старанная прадавец з важкім стажам у сферы гандлю Валянціна Удот і вадзіцель Аляксандр Бармоцін”, – адзначае ў сваім лісце жанчына і дадае: “Дзякуючы старанням дырэктара філіяла Мікалая Гародкі да абслугоўвання нашай вёскі быў падключаны яшчэ аўтамагазін № 8 – вялікі, прасторны, сучасны. У гэтай аўталаўцы працуе прадавец Марына Ложачнік, якая ўсё падкажа, патлумачыць – старым людзям гэта падабаецца. А вадзіцель Анатоль Жых, калі ў пажылых пакупнікоў цяжкія сумкі, то і данесці дапаможа. Вялікае дзякуй ім за такія адносіны”.
Далей жыхарка Літаварцаў разважае аб складанасцях у рабоце спецыялістаў гандлю ў глыбінцы, падкрэслівае, што “і ў спёку, і ў мароз трэба быць у дарозе”, паспяваць на маршруце. Зразумела, што для спажывецкай кааперацыі часам не вельмі выгадная работа аўтамагазінаў, бо колькасць сельскага насельніцтва змяншаецца, у некаторых вёсках жыве па некалькі чалавек, а даехаць трэба ўсюды. Разам з тым, якасць гандлёвага абслугоўвання сяльчан высокая. “Магазіны на колах” задавальняюць галоўныя іх патрэбы. Вось і заключае ў сваім лісце Яніна Ігнацік: “на маю думку, у вясковы гандаль ідуць адважныя і мужныя людзі”. Хваліць Яніна Уладзіміраўна і прадукцыю спажывецкай кааперацыі: “усе прадукты, булачкі і здоба смачныя”, адзінае, на што ў вяскоўцаў часам бываюць нараканні – якасць хлеба.
Па каментарый наконт гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва мы звярнуліся да намесніка дырэктара Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства Алесі Лазута:
– Мы стараемся максімальна прыслухоўвацца і выконваць пажаданні вяскоўцаў. Тэлефонныя званкі наконт работы аўтамагазінаў паступаюць даволі часта, бывае, што прыходзяць лісты ад старшыняў сельвыканкамаў з просьбамі дадаць дадатковы прыпынак на маршруце. У прыватнасці “магазін на колах” у Літаварцах для зручнасці спыняецца ў двух лакацыях вёскі. Безумоўна, усе такія пажаданні мы разглядаем і ацэньваем. Калі дазваляе колькасць жыхароў, то ў адным населеным пункце можам зрабіць і тры прыпынкі. Такія рашэнні ўзгадняюцца з райвыканкамам, уносяцца ў маршрут. Улічваем патрэбы пакупнікоў і наконт асартыменту тавараў аўтамагазіна. Так, у сезон закатак людзі прасілі слоікі – іх заказы задаволілі. Па папярэдніх запытах дастаўляем пакупнікам торты, камбікорм, іншыя неабходныя тавары. Здараецца і так, што зімой, калі вяскоўцы пераязджаюць да дзяцей, з трох да двух на тыдзень, скарачаецца колькасць прыездаў аўтамагазіна, а ў летні час ідзём насустрач насельніцтву і дачнікам, аднаўляем графік. Адным словам, улічваем пажаданні нашых кліентаў, стараемся дайсці да кожнага, нягледзячы на адлегласці.
Некалькі словаў сваім лісце Яніна Ігнацік прысвяціла рабоце пошты, бібліятэкі, узгадала раённую газету. Яна піша: “цяпер у нашу вёску дастаўляе карэспандэнцыю Марыя Францішчык – адказны работнік і цудоўная жанчына. Яшчэ на пошце можна ўсе прадукты купіць. Не застаецца ў баку і культура: кожны месяц, а то і часцей вяскоўцаў, якія любяць чытаць, наведвае загадчыца Дварэцкай бібліятэкі Алена Казлова. Ад усіх нашых сяльчан дзякуем спецыялістам, якія нас абслугоўваюць”.
Безумоўна, работнікам рэдакцыі прыемна было даведацца аб доўгім і трывалым сяброўстве Яніны Ігнацік з раёнкай: “я даўно выпісваю “Перамогу” і люблю яе чытаць”.
Дзякуй і вам, Яніна Уладзіміраўна, за нераўнадушныя адносіны і цікавую тэму, якую ўзнялі на старонках нашай газеты.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga