Актуальны каментарый.
Адбылася селектарная нарада Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з вышэйшымі службовымі асобамі, кіраўнікамі ўрада, абласцей, раёнаў. Абмеркаваны ход жніва і ліквідацыя наступстваў стыхіі, якая закранула шэраг рэгіёнаў.
Наколькі наш раён падрыхтаваны да буйстваў стыхіі і як арганізавана работа энергетыкаў даведаліся ў начальніка Дзятлаўскага раёна электрасетак РУП “Гроднаэнерга” Міхаіла Ступчыка:
– Пастаянна ў кругласутачным рэжыме працуе аператыўна-выязная брыгада. У выхадныя і святочныя дні прызначаецца пасіўнае дзяжурства дома поўнасцю ўкамплектаванай рамонтна-эксплуатацыйнай брыгады, аператара аўтамабільнай вышкі, трактарыста, які мае права працаваць на бурыльнай устаноўцы, маніпулятары, транспартным трактары.
Калі адбываецца надзвычайная сітуацыя, аб ёй дыспетчар паведамляе кіраўніцтву РЭС і аператыўна-дыспетчарскай службе Ваўкавыскага філіяла. Тэрмінова прыбываем у адміністрацыйны будынак, ацэньваем маштабы, прымаем рашэнні аб рэагаванні. Калі аб’ёмы пашкоджанняў вялікія, па магчымасці выклікаецца ўвесь персанал, які мае права на выкананне аднаўленчых работ.
Акрамя ліквідацыі пашкоджанняў, вялікую ўвагу надаём тэхніцы бяспекі. Аб’ёмныя работы па замене апораў і правадоў у цёмны час ажыццяўляць практычна немагчыма, бо цяжка асвятліць такія плошчы, таму не заўсёды выконваем іх ноччу. А вось мяняць ізалятары апоры можам з дапамогай перасоўнай асвятляльнай устаноўкі. Парадак выканання аварыйных работ устаноўлены загадамі. Калі мы разумеем, што не здольны справіцца ўласнымі сіламі, у філіяле ў Ваўкавыску збіраецца штаб, прымаецца рашэнне даць заяўку на дапамогу.
Што тычыцца аварыйных запасаў, то колькасць апораў, правадоў, камплектуючых вызначаюць нарматыўныя дакументы. Перыядычна запасы правяраюцца, папаўняюцца, а для іх выкарыстання атрымліваем дазвол.
Калі неабходна, прыходзім на дапамогу іншым раёнам і абласцям. Цяпер, напрыклад, з Ваўкавыскіх электрасетак на Гомельшчыну, у Калінкавічы і Мазыр накіраваны чатыры брыгады, пастаўлена больш за дзесяць дызельных электрастанцый з замацаванымі за імі спецыялістамі. Каб такія работы праходзілі аператыўна, распрацаваны “Пашпарт аварыйнай гатоўнасці”, дзе прапісаны ўсе моманты ад сустрэчы, размяшчэння, харчавання прыезджых брыгад да забеспячэння іх тэхнікай і допускамі.
Улічаны і сітуацыі з перабоямі сувязі. У нас працуе ўнутраная – ад раёнаў электрасетак да Міністэрства энергетыкі, безумоўна, карыстаемся і мабільнай, а таксама паслугамі Белтэлекама. Каб звязвацца з аварыйнымі брыгадамі пры неабходнасці выкарыстоўваем радыёстанцыі. Пры абясточванні ў аператараў сотавай сувязі ёсць аўтаномныя акумулятары, якія змогуць прафункцыянаваць да васьмі гадзін. Белтэлекам мае ўласную дызельную станцыю. Калі горад адключаны назусім, аўтаномныя крыніцы дапамогуць аператарам пратрымацца да аднаўлення падачы энергіі. Па парадку яе аднаўлення ёсць прыярытэты: першымі падключаем жыццёваважныя аб’екты.
У складаных сітуацыях выклікаецца ўвесь інжынерна-тэхнічны персанал, некалькіх дыспетчараў, каб трымаць і своечасова перадаваць інфармацыю, прымаць заяўкі насельніцтва. Калі жыхары паведамляюць аб пашкоджаннях, гэта палягчае работу. У сваю чаргу дыспетчар па магчымасці рассылае насельніцтву СМС-паведамленні з прыкладным часам ухілення паломак.
У залежнасці ад лакалізацыі пашкоджанняў і ўмоваў надвор’я, часам даводзіцца супрацоўнічаць з іншымі службамі. Калі дарогі замецены снегам – дапамагае ДРБУ, завалы ў лясным масіве – лясгас, праблемы надзвычайнага характару – РАНС. Неабходнай тэхнікай мы забяспечаны: ёсць вышкі, бурылкі, усюдыходы. Персанал РЭС вопытны, дасведчаны, ведае як прымаць рашэнні і аператыўна дзейнічаць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga