Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў селектарную нараду, на якой разгеджаны дзве актуальныя тэмы – ход жніва і ліквідацыя наступстваў стыхіі.

Як на Дзятлаўшчыне праходзіць сёлетняя ўборачная кампанія, расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:

– Завяршаецца ўборка азімага рапсу, работы выкананы на 77 % плошчы пасеваў, намалочана ў бункернай вазе 8,5 тысячы тон масланасення. Сярэдняя ўраджайнасць – 34,2 цэнтреры з гектара. Самая вялікая (43 ц/га) яна ў СГФ “АграМілк”.

Поўнасцю ўбраны азімы ячмень, ураджайнасць якога склала 30,2 цэнтнера з гектара, намалот у бункернай вазе – 4 тысячы 611 тон.

Увогуле па раёне ўбрана 16 % зерневых і зернебабовых культур, хутчэй за ўсіх са жнівом (24 %) спраўляецца СГФ “АграМілк”, пакуль адстае па тэмпах КСУП “Войневічы”.

Перад аграрыямі раёна пастаўлена задача зжынаць за дзень па 5 % збожжа, што дазволіць за 18-20 дзён прыйсці да фінішу ўборачнай зерневых і зернебабовых. Галоўнае, каб надвор’е не ўносіла карэктываў.

Паралельна прыступілі да ўборкі азімага жыта, пшаніцы, лёну.

Прэзідэнт засяродзіў увагу на захаванні тэхналогій апрацоўкі глебы, забеспячэнні палівам, гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Дзяржава робіць усё неабходнае, каб работа аграрыяў ішла без перабояў.

Дзятлаўшчына ўжо пачала адгружаць рапс і пшаніцу для выканання дзяржзаказу. Стаіць задача вывозіць з палёў салому, каб можна было якасна і своечасова падрыхтаваць глебу пад азімую сяўбу. Сёлета ў планах павялічыць плошчы азімых ячменю і рапсу.

Жніво на Дзятлаўшчыне ідзе ў штатным рэжыме, з пастаўленымі задачамі спраўляемся. Калі ўзнікне патрэба, гаспадаркі, якія скончаць уборачную раней, прыйдуць на дапамогу іншым. Галоўнае, каб трымалася спрыяльнае надвор’е.

Ірына СТЫРНІК

Фота з архіва

Похожие публикации